Развлечения и отдых
22 декабря 2022, 13:55
«Ваў! Гэта ў нас такое ёсць?!». Што паглядзець у Беларусі, раіць экскурсавод
Фота Дзяніса Філіпчыка
Па выніках ХХ Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Экскурсавод года» перамог Дзяніс Філіпчык. Разам з ім спрабуем знайсці адказы на пытанні, чаго жадае сучасны вандроўнік і як палюбіць сваё, роднае.
Мінула 10 гадоў
Якраз у дзень нашай размовы – 12 снежня – споўнілася 10 год, як Дзяніс Філіпчык атрымаў права праводзіць экскурсіі.
– Другая пяцігодка скончылася, пачалася трэцяя, – жартуючы, падлічвае наш герой. Прыйшоў ён у турыстычны бізнес студэнтам гістарычнага факультэта БДУ. Сёння ўжо – дацэнт кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў сваёй жа альма-матэр. – Здаецца, толькі на чацвёртым курсе здаваў першы атэстацыйны экзамен высокай камісіі, а ўжо 10 год мінула…
За гэты час Дзяніс Філіпчык зрабіў сабе імя: узнёслых водгукаў у інтэрнэце пра яго вандроўкі – вялікая колькасць. Яны таксама паспрыялі таму, што ён стаў пераможцай конкурсу «Пазнай Беларусь». У 2021 годзе Дзяніс Уладзіміравіч напісаў кантрольны тэкст экскурсіі ў Оршу з квэстбукам «Горад на Ршы», сёлета склаў маршрут «Дарогай у Браслаў». Зрабіў аўтарскую экскурсію па сталічнай плошчы Свабоды і Верхнім горадзе – «Таямніцы і скарбы мінскіх кляштароў». У дапамогу сваім калегам-экскурсаводам па замове Нацыянальнага агенцтва па турызме падрыхтаваў зборнік матэрыялаў па выкарыстанні нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС) для развіцця турызма ў Рэспубліцы Беларусь. Яго можна знайсці на афіцыйным партале Нацыянальнага агенцтва па турызме і спампаваць. А ў 2020-м паспяхова абараніў кандыдацкую па тэме «Нематэрыяльная культурная спадчына ў дзяржаўных музеях Рэспублікі Беларусь».

– Гэтай тэмай я зацікавіўся на трэцім курсе, – узгадвае наш суразмоўца. – На спецкурсе «Турыстычны патэнцыял Беларусі» Міхаіл Анатольевіч Міхайлец распавядаў пра паняцце нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Я расказаў выкладчыку, што ў роднай вёсцы маёй бабулі Ядзвігі Вінцэнтаўны – у Папшычах Глыбоцкага раёна – раз у год праходзіць абрад, калі па вуліцы нясуць вялізнае палатно. Міхаіл Анатольевіч заўважыў, што гэты цікавы абрад можа быць уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусі. Я паехаў у вёску, сфатаграфаваў дзейства, апытаў яго носьбітаў. Праз год разам з супрацоўнікамі нашай Акадэміі навук здзейснілі сумесную экспедыцыю ў Папшычы, зрабілі экспертнае заключэнне, падрыхтавалі дакументы, і ў 2014-м абраду «Насіць наметку» быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Абрады складана уключыць у турызм
Нематэрыяльная культурная спадчына падзяляецца на катэгорыі: абрады, рамёствы, нацыянальная кухня, міфалогія і гэтак далей. Абрады, на думку нашага суразмоўцы, складаней за астатніх уключыць у турызм.
– Бо, як правіла, яны здараюцца раз ці два на год, – тлумачыць Дзяніс Філіпчык. – Да таго ж яны напоўнены сакральным сэнсам для іх носьбітаў, і вялікая колькасць гледачоў можа парушыць культурны кантэкст.

Іншыя ж элементы НКС паспяхова выкарыстоўваюцца падчас экскурсій. Напрыклад, традыцыйныя рамёствы з майстар-класамі рамеснікаў. Нацыянальная кухня таксама. Такія экзатычныя стравы, як паазерскія клёцкі з душамі ці масляны баран з Глыбоцкага раёна, дакладна будуць упрыгожваннем любога комплекснага абеду ў нацыянальным стылі.
Дарэчы, ёсць сайт «Жывая спадчына Беларусі» – своеасаблівы інвентар нашых гісторыка-культурных каштоўнасцей.
У складзе турыстычных груп у Дзяніса былі і сантэхнікі з балерынамі, і настаўнікі з кантралёрамі грамадскага транспарту, і вучоныя з музейнымі супрацоўнікамі. Людзі рознага ўзросту. Але ў большасці сваёй – 80 % – жанчыны.
«Здаецца, усе захацелі пабываць на гэтым балоце»
Каранавірусу можам быць удзячныя за тое, што пераарыентаваў многіх нашых суайчыннікаў на адпачынак у сваёй краіне.

– Большасць беларусаў сканцэнтраваліся на прыродзе, – распавядае пра тэндэнцыі турызму трох апошніх гадоў Дзяніс Філіпчык. – Нацыянальныя паркі і заказнікі былі і застаюцца ў топе. Шчыра прызнаюся, перажываў за Ельню, што ў Міёрскім раёне Віцебшчыны. Здаецца, усе захацелі пабываць на гэтым балоце. Святыя крыніцы, што за Радашковічамі, таксама фурор выклікалі. Гідралагічны помнік прыроды. У пойме ракі стаяць велізарныя дубы, а з ўзгорку выцякае каля 20 крыніц, нечым нагадваючы горныя рачаіны.
У хіце аказалася і ферма, дзе вырошчваюць смаўжоў, яна вабіла і выдатнымі здымкамі, і незвычайнай ежай. Калі зацвітала лаванда, вазілі на палі, дзе яна вырошчваецца, – для прыгожых сэлфі і арыгінальных сувеніраў.
Сярод беларусаў запатрабаваныя такія віды вандровак, як фестывальная, гастранамічная, экалагічная. На думку Дзяніса Філіпчыка, Гродзенская вобласць адказна падышла да арганізацыі падзейнага турызму.
– Пашукалі ў раёнах, сельсаветах, што можа быць цікава для людзей, якая ёсць культурная альбо гістарычная аснова для маршрута, – расказвае экскурсавод года. – Зрабілі шмат незвычайных музейчыкаў. Напрыклад, у Сапоцкіне Гродзенскага раёна ёсць музей пісанкі, таксама элемент НКС. Сапоцкінская пісанка ў канцы XIX стагоддзя патрапіла ў зборы польскіх музеяў, этнографы ёй зацікавіліся. Пра гэты феномен можна расказваць круглы год, а не толькі ў Вялікдзень.

Зараз многія цэнтры рамёстваў, аграсядзібы праводзяць майстар-класы, ладзяць святы. Запыт ёсць і будзе, калі гэта аўтэнтычны прадукт, зроблены ад душы. Яшчэ важна, каб рэгіёны былі зацікаўлены ў тым, каб да іх прыязджалі.
«Што вы тут глядзіце, навошта сюды прыехалі?»
Дзянісу Уладзіміравічу даводзіцца вазіць сваіх вандроўнікаў у невялічкія мястэчкі на экскурсіі, і ён заўважае, што мясцовыя жыхары па-рознаму ставяцца да таго, што побач з іх домам спыняецца вялікі турыстычны аўтобус.
– Нехта ганарыцца, што іх сакральнае збудаванне – касцёл ці царква – выклікае цікаўнасць, – заўважае суразмоўца. – Яны з радасцю адчыняюць для нас дзверы храма, з любоўю расказваюць аб ім, усё паказваюць. А нехта здзіўляецца: што вы тут глядзіце, навошта сюды прыехалі? Не разумеюць каштоўнасці сваёй спадчыны. Гэта вялікая праблема. Трэба працаваць з лакальнай супольнасцю. Як мясцовыя ўспрымаюць аб’ект, які знаходзіцца ў іх наваколлі, як ён уплывае на іх жыццё, што яны атрымліваюць з гэтага? Трэба, каб людзі не былі маўклівымі назіральнікамі, а ўключаліся ў працэс.

– Маршрутаў безліч цікавых, – падсумоўвае экскурсавод года. – Хочацца верыць, што беларусы будуць звяртаць увагу на блізкае і роднае. Памятаю, як з адной групай мы ехалі ў Косава. Калі з-за лесу на ўзгорку паказаўся палац Пуслоўскіх, па аўтобусе пракаціўся выгук «Ваў! Гэта ў нас такое ёсць?!». Людзі нават не ўяўлялі, што такі прыгожы, выразны, яркі аб’ект ёсць у Беларусі. Ён абноўлены, яго можна наведаць з экскурсіяй. Калі беларусы даведваюцца, што на тэрыторыі нашай краіны было шмат палацаў, замкаў, велізарныя паркавыя тэрыторыі, яны пачынаюць гэтым цікавіцца і паступова ў іх фарміруецца ўяўленне датычнасці да ўсёй гэтай спадчыны, якую трэба трымаць у парадку, аднаўляць і ўключаць яе ў сучаснае жыццё.
Будзем развіваць у сабе патрэбу вандраваць, гэта ўзбагачае і робіць нас шчаслівымі.
«Шукайце, абавязкова знойдзеце!»
«Самае любімае маё месца ў Беларусі – Глыбокае, бо я там нарадзіўся. Сюды можна круглы год прыязджаць, але аптымальны сезон – з мая па верасень. Можна доўга гуляць і атрымліваць асалоду ад пяці азёр ў горадзе. Наш дэндралагічны сад – помнік прыроды рэспубліканскага значэння, па сваіх калекцыях і плошчы – другі пасля Мінскага батанічнага. Здаецца, ў Глыбокім і вішні цвітуць па-асабліваму, таму і помнік гэтаму дрэву паставілі. Пакаштуйце абавязкова вішнёвую згушчонку!
У зімовы час раю адправіцца ў Налібоцкую пушчу. Там, ў 70 кіламетрах ад Мінска, можна ўбачыць у дзікай прыродзе тарпанападобных коней польскай пароды конік. Яны крыху большыя за поні, але меншыя за звычайнага каня. Там жа паназірайце і за глушцамі, якіх цэлая ферма.
Завітайце ў госці да Зюзі Паазерскага ў Пастаўскім раёне. Ён – наш міфалагічны, вельмі каларытны герой.
Сто працэнтаў, што побач з вашай мясцовасцю ёсць нешта цікавае.
Шукайце, абавязкова знойдзеце!»
| Святлана КІРСАНАВА, газета «7 дней».
| Фота суразмоўцы і БЕЛТА.