Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Интеллект
22 апреля 2026, 13:25

Паміж кужалем і валошкай: паглядзелі, што цікавага з’явілася на кніжных паліцах

@Pexels
@Pexels

Сакавік прынёс з сабой не толькі першае цяпло, але і цэлы россып разнастайных кніжных навінак. Хочаце адпачыць і атрымаць новыя ўражанні? Жадаеце пашырыць свае веды? Кожны тут знойдзе нешта сваё! Пра некаторыя з кніг, якія ўжо чакаюць вас на паліцах, – у традыцыйным аглядзе.

Ці задумваліся вы калі-небудзь, што агульнага паміж буслам, зубрам і валошкай? Або чаму кужаль – гэта не толькі палатно, а ключ да разумення беларускага менталітэту? Калі так, то новая манаграфія Любові Дуктавай «Нацыянальныя культурныя коды ў беларускім эпасе мяжы XX–XXI стст.» – менавіта тое, што вы шукалі.

Вядомы культуролаг і літаратуразнаўца запрашае ў займальнае падарожжа па лабірынтах айчыннай літаратуры, каб разам адшукаць сутнасць сімвалаў, якія фарміруюць нашу нацыянальную ідэнтычнасць. Гэта сапраўдная дэтэктыўная гісторыя, дзе кожны сімвал – падказка, а кожны твор – сведка. Даведаецеся, як нацыянальныя культурныя коды выспяваюць і крышталізуюцца ў паэтыцы твораў, як яны дапамагаюць аўтарам выказаць свае ідэі і паказаць розныя аспекты беларускай душы. Адкрыеце для сябе коды, якія непасрэдна маркіруюць Беларусь: ад усім вядомых бусла і зубра да далікатнай валошкі.

Але гэта яшчэ не ўсё! Любоў Дуктава прапануе паглыбіцца ў сэнс такіх нечаканых кодаў, як «кужаль» – сімвал працавітасці і нацыянальнага менталітэту, і «палеская мадонна» – вобраз беларускай жанчыны, нястомнай працаўніцы, клапатлівай гаспадыні і ахоўніцы сям’і.

Пачынаецца кніга з эпіграфа, які задае тон усяму даследаванню, – кранальных радкоў Уладзіміра Караткевіча: «Буслы, буслы, ляціце дарогай прамою / На зарослыя пальмамі берагі, / Раскажыце, што над вялікай ракою / Ёсць народ, што ніколі не крыўдзіў другіх…».

А наступная кніга (зноў жа навуковая!) адкрывае дзверы ў… будучыню беларуска-кітайскіх адносін.

Даследчыкі дзвюх краін аб’ядналі свае намаганні, і вынікам стала манаграфія «Перспективы белорусско-китайского экономического сотрудничества в формате членства Республики Беларусь в Шанхайской организации сотрудничества». Тут не толькі аналіз, а і прапановы канкрэтных крокаў для паглыблення ўзаемадзеяння нашай краіны і Кітая.

Аўтары прапануюць сваё бачанне таго, як Беларусь можа максімальна выкарыстаць уласныя магчымасці ў гэтым магутным саюзе. Яны дэталёва даследавалі патэнцыял краін – удзельніц ШАС, выяўляючы найбольш перспектыўныя напрамкі для сумеснай працы: ад эканомікі да навукі і тэхналогій. Кніга «падказвае», як палепшыць транспартныя і лагістычныя сувязі, як укараняць сучасныя формы навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння. Асаблівая ўвага надаецца інавацыям у лічбавай эканоміцы.

Гэта кніга – па сутнасці, практычны дапаможнік, які будзе карысны не толькі навукоўцам і студэнтам, але і тым, хто прымае рашэнні на розных узроўнях, спецыялістам.

Упэўнены, чытачы ўжо знаёмыя з творчасцю лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Віктара Шніпа, яго непаўторнымі «Пугачоўскім цырульнікам», «Заўтра была адліга» і наступнымі часткамі гэтай пранікнёнай дзённікавай сагі. Цяпер жа надышоў час адкрыць новую главу – «Заўтра была адліга – 6».

Што на гэты раз? Калі коратка – паглыбленне ў наш час, у тое, што мы перажываем кожны дзень. Віктар Шніп як сапраўдны мастацкі рэгістратар фіксуе яркія моманты жыцця, не абмінаючы ні родных і блізкіх, ні вядомых асоб. Ён дзеліцца з намі сваімі снамі, расказвае пра вандроўкі па краіне і, што самае цікавае, ілюструе свае ўражанні і развагі вершамі. Гэта захапляльная проза-паэтычная гісторыя, якая сплятае ў адно цэлае рэальнасць і мастацтва. Яна дае магчымасць паглядзець на свет вачыма паэта, адчуць пульс часу і знайсці адлюстраванне ўласных перажыванняў у яго радках.

Што адбываецца з душой чалавека, калі свет вакол яго руйнуецца? Калі знікаюць ідэалы, на якіх будавалася жыццё цэлых пакаленняў? Менавіта на гэтыя пытанні спрабуе адказаць Змітрок Марозаў у сваёй новай кнізе «Апакаліпсіс душы = Апокалипсис души: Вянок вянкоў санетаў». Гэта сапраўдная эпапея, якая складаецца з 225 санетаў – маштабнае паэтычнае палатно, якое запрашае чытача ў глыбокае філасофскае падарожжа.

«Санетная форма ўжо сама па сабе схіляе паэта да роздуму. Вянкі санетаў – гэта своеасаблівыя паэмы-медытацыі. Кожны з іх патрабуе грамадска значнай праблемы і яе арыгінальнага вырашэння…» – так апісвае жанр вядомы літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша. І Змітрок Марозаў, шчыры працаўнік на паэтычнай ніве, па-майстэрску выкарыстоўвае гэту форму, каб даследаваць самыя патаемныя куткі чалавечай душы.

«Апакаліпсіс душы» – мастацкая рэакцыя паэта на бурныя падзеі 1980–90-х гадоў, калі на нашых вачах разбураўся звыклы лад жыцця. Змітрок Марозаў не выступае ў ролі палітолага, ён імкнецца зазірнуць у душу, разабрацца ў вартасцях духоўнага святла, якое, нягледзячы на ўсе катаклізмы, працягвае ззяць. Гэты зборнік – запрашэнне да пераасэнсавання каштоўнасцей і пошуку сэнсу існавання ў свеце, які пастаянна змяняецца.

Асаблівую цікавасць выклікае тое, што пад адной вокладкай змешчаны як арыгінал на беларускай мове, так і пераклад вянка вянкоў санетаў на рускую мову, які ажыццявіў Андрэй Цяўлоўскі.

Ці ведаеце вы, што ваш голас можа змяніць усё? Першая кніга вядомай тэлевядучай Кацярыны Цішкевіч – не зборнік парад, а запрашэнне ў падарожжа да сябе, да сваёй унутранай сілы, якую можна адкрыць праз уласны голас. Кацярына з яе шматгадовым досведам працы на тэлебачанні і ў сферы камунікацый дзеліцца сакрэтамі, як зрабіць сваё маўленне не толькі прыгожым, але і магутным інструментам уплыву.

У кнізе «50 оттенков голоса» не толькі тэорыя, але і практычныя метады, якія дапамогуць стаць больш упэўненымі, харызматычнымі і пераканаўчымі. Асабліва цікава, што кніга суправаджаецца відэатрэніроўкамі, да якіх можна атрымаць доступ адразу са старонак выдання. Гэта дазваляе пачаць працаваць над сабой адразу, без адтэрміноўкі.

Але галоўнае пытанне, якое ўзнімае аўтар: ці задумваліся вы, як моцна ваш голас уплывае на жыццё? Нават маўчанне – ужо выбар. Кацярына Цішкевіч заклікае чытачоў не толькі прачытаць кнігу, а стаць яе працягам, уласнай практыкай: «Што і як вы скажаце заўтра? І як гэта зменіць ваша жыццё і рэальнасць людзей, якія вакол вас?»


| Алесь Карлюкевіч для часопіса «Беларуская думка».


ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА

Таямніца Полацкага Фаўста і куфар казак: прапануем 5 цікавых кніг на вясну

«Пачынаецца ўсё з любві». На якія кніжныя навінкі варта звярнуць увагу?

Хочаце даведацца пра беларускае радыё ці падарожжы пісьменнікаў? Вось што варта пачытаць

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
https://beltaplus.by/ru/intelligence-ru/view/pamizh-kuzhallju-i-valoshkaj-pagljadzeli-shto-tsikavaga-zjavilas-na-knizhnyx-palitsax-17958-2026/
БелТА плюс - специальное приложение, 2020
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
 - размещаются материалы рекламно-информационного характера.