Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Персоны
09 ноября 2024, 10:35

«Менш шуму – больш справы». Гэта беларуска 38 год шчыруе над культурай Стаўбцоўшчыны

Наша гераіня не гоніцца за славай, і слова «трэба» для яе даўно стала вызначальным. Едзем у Вішнявец. Аграгарадок утульна ўладкаваўся ля старога тракту напаўдарозе ад Стоўбцаў да Нясвіжа. Да 1962 года гэта было мястэчка Гавезна, пра якое яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя згадваў Уладзіслаў Сыракомля ў сваіх нататках «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах». Кажуць, нейкага вялікага начальніка надта нерваваў немілагучны тапонім, і населены пункт перайменавалі. На пачатку 2000-х з падачы вучоных быццам бы намерваліся аднавіць гістарычную назву, але далей за размовы справа не пайшла.

Ці варта шкадаваць, што не вярнулі страчанае? Пытанне спрэчнае. Галоўнае, што Вішнявец стаў прыгожым і ўтульным аграгарадком, абзавёўся ўсім неабходным для камфортнага жыцця сацкультбытам. Мясцовы Дом культуры выдзяляецца з розных прычын, і адна з іх у тым, што ўзначальвае яго адзін з найлепшых культработнікаў краіны.

Уваходзім у прасторнае і светлае фае, якое адначасова служыць лакацыяй для масавых мерапрыемстваў накшталт навагодніх ранішнікаў і дыскатэк. Адсюль можна трапіць у глядзельную залу. У Вішнявецкім СДК яна досыць вялікая, нават з балконам, – на 260 чалавек. Мяккія, утульныя крэслы, на якіх так і хочацца пасядзець, яркая, з густам аформленая сцэна. І цёпла, што немалаважна. Хораша тут!

На другі паверх вядзе стромкая лесвіца. Архітэктар, напэўна, вельмі жадаў, каб вясковы Дом культуры ўнутры выглядаў не горш за якія-небудзь вытанчаныя інтэр’еры. Але, відаць, крыху перастараўся: таго і глядзі звалішся з прыступак.

На паверсе – пакоі для ўдзельнікаў аматарскіх калектываў і клубных аб’яднанняў, невялікі начальніцкі кабінет, у якім, апроч загадчыка, месцяцца яшчэ два супрацоўнікі. Працуюць таксама бібліятэка і філіял музычнай школы. Юрыдычна яны з Домам культуры ніяк не звязаны, але ўсе «падраздзяленні» сябруюць і часта аб’ядноўваюць свае творчыя намаганні.

Зацікавіў пакой вольнага часу. Тут цэлае царства цацак і розных забавак. Расклад яго працы зручны для дзетак: прыходзь і забаўляйся, чым душа жадае. Нядаўна спонсар – ААТ «Вішнявецкі-агра» – набыў у пакой вольнага часу вялікі, зручны стол. Клапоцяцца ў гаспадарцы пра культуру будучых сваіх працаўнікоў.

Жаночы дуэт «Пяшчота» пабываў з канцэртамі шмат дзе ў Беларусі і суседніх краінах

А вось і гаспадыня вішнявецкага «ачага культуры» – Тамара Серафімаўна Хватава. Літаральна з першай хвіліны знаёмства пранікся сімпатыяй да яе і даверам. Харызма ў жанчыны такая, ці што? Са здзіўленнем даведаўся, што на культурнай ніве Стаўбцоўскага раёна яна шчыруе ажно 38 гадоў. Магла даўно пайсці на заслужаны адпачынак. І збіралася ўжо неаднойчы, муж і дзеці таксама настойвалі, а як дайшло да справы, то нават «уявіць сябе ў хаце» не атрымалася. Якая вернасць і адданасць прафесіі!

Напэўна, мяркуеце ўжо, што ўсё ў жыцці Тамары Хватавай складвалася як па наезджанай каляіне? Не зусім. Дакладней, зусім не так.

Расла яна ў вёсцы Шарупы Шчучынскага раёна, дзе «каталікоў больш, чым праваслаўных». У дзяцінстве марыла стаць… Ну кім, як думаеце? Вядома ж, спявачкай. Пра сцэнічную славу тады, будуючы паветраныя замкі, мроілі многія дзяўчынкі. Мара ж нашай гераіні не была пераменлівым дзіцячым капрызам. Дзяўчынка вельмі любіла спяваць, і гэта ў яе атрымлівалася выдатна. Любоў да песні перадалася ёй ад бабкі Ганны Жылкоўскай. Гануля, як звалі яе вяскоўцы, спявала надта хораша, ведала шмат песень, у тым ліку старадаўніх.

– Мяне, маленькую, паставяць ля ёлкі, і я спявала такія дарослыя песні, як «Милая мама», «Растет в Волгограде березка». І людзі мяне слухалі, – з усмешкай згадвае Тамара Серафімаўна. – Хацела паступіць некуды, каб спяваць, але бацька не вельмі добра да гэтага ставіўся. Гаварыў мне ўвесь час, што з музы´кі хлеб невялікі, а з гулякі ніякі. Ён чалавекам з пачуццём гумару быў.

Смех смехам, але бацькоўскае рашэнне было непахісным: юную артыстку адправілі ў сталічнае вучылішча харчавікоў вучыцца на фармоўшчыцу каўбасных вырабаў. Але трэба ведаць Тамару Хватаву! У сталіцы яна стала першай на конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод прафесійна-тэхнічных вучылішчаў. За перамогу дзяўчыне ўручылі пуцёўку на 12 дзён у дом адпачынку на Нарачы. Уявіце, ёй тады яшчэ не было шаснаццаці.

«Гаварыў мне ўвесь час, што з музыкі хлеб невялікі, а з гулякі ніякі».

– А як прыязджала дамоў, то сельскі клуб чакаў мяне ўжо, – расказвае Тамара Серафімаўна. – З трыма хлопцамі-музыкантамі, якія жылі па-суседску, на адкрытай бартавой машыне ехалі, як мы гаварылі, на «польскія» вёскі спяваць, па дарозе рэпеціравалі. Усялякія песні выконвалі: і беларускія, і рускія, і польскія, бабка Гануля навучыла мяне старадаўнім. Дагэтуль помню іх. Адна была такая, што я плакала заўсёды (напявае): «Схоронив жену одинокую, стал отец для детей как не свой. И нашел жену себе новую, с гордым сердцем и коварной душой».

Генадзь і Тамара. Фотакалаж з сямейнага альбома

Што праўда, то праўда: песня ў яе жыцці была заўсёды. І калі вучылася ў Пінскім мяса-малочным тэхнікуме, і калі адправілі адпрацоўваць тэхнолагам на мясакамбінат у Грандзічы пад Гродна.

Там сустрэла хлопца, з якім у адну школу хадзілі, ён вучыўся са старэйшым братам Тамары.

– Шаснаццатага верасня мне споўнілася 18, а на «акцябрскія» ўжо вяселле згулялі. Маладая зусім: не было 19, як нарадзіўся сын, – расказвае Тамара Серафімаўна. – Але сумеснае жыццё не склалася. Немаўляці было тры месяцы, як мы разышліся. Ну, а потым… (уздыхае). Доўга была адна, а затым сустрэўся мне харошы чалавек.

Муж Генадзь з Крупак. Возера Худава, Сялява, да якой рукой падаць, – Тамара Серафімаўна спрабуе патлумачыць мне дакладную геалакацыю мужнінага бацькоўскага дома. Ёсць дзе адпачыць, але ж няма калі ездзіць.

Жывуць Хватавы ў Мархачоўшчыне, да Вішняўца кіламетраў восем. Некалі завабілі іх сюды домам. Потым перавезлі і бацькоў Тамары. Праз два дамы ад іхняга жывуць цяпер яе 88-гадовая маці і сын Віктар, ён працуе ў мясцовай гаспадарцы. Бацька, на жаль, пайшоў з жыцця.

У Мархачоўшыне ў Тамары і Генадзя здарылася вельмі радасная падзея – нарадзілася дачка. І ўсё ж Хватава шчыра кажа: хоць сама вясковая, доўга прывыкала да новага месца жыхарства.

– Адна назва вёскі чаго вартая, і людзі чужыя, але… – Тамара Серафімаўна па-майстэрску вытрымлівае паўзу, яшчэ больш распальваючы маю цікаўнасць. – Але ў мясцовым клубе была добрая самадзейнасць, і як толькі дачцэ споўнілася дзевяць месяцаў, пайшла спяваць. Мяне не ўтрымаць было. Хаця мужу гэта не падабалася.

Рабочыя моманты. На рэпетыцыі новай канцэртнай праграмы. За гукарэжысёрскім пультам – Андрэй Шыбко

Да свята Перамогі ў райцэнтры ладзілі конкурс мастацкай самадзейнасці. Дзявятага мая ў тым годзе выдалася халоднае, нават завейка бралася.

– Аўтобусаў не было, а да Стоўбцаў кіламетраў дзесяць. І я выправілася пешшу, – гаворыць Тамара Серафімаўна. – Каб паспяваць адну песню. Дайшла ажно да Свержня, а там ужо мяне падвезлі.

«Як толькі дачцэ споўнілася дзевяць месяцаў, пайшла спяваць».

Знакамітая «Мой милый, если б не было войны» ў яе кранальным і шчымлівым, ні на каго не падобным выкананні літаральна скарыла залу. Гэта перамога на раённым конкурсе неўзабаве назаўсёды зменіць жыццё Тамары Хватавай. Яе выклікалі ў райкам партыі і літаральна ўгаварылі пайсці ў Мархачоўшчынскі клуб загадчыкам. Там Тамара Серафімаўна адпрацавала тры дзясяткі (!) гадоў. Культурнае жыццё ў Мархачоўшчыне, як дасціпна заўважае Хватава, кіпела і з бабкамі, і з моладдзю.

– Памятаю, тагачасны начальнік райаддзела культуры Анатоль Васільевіч Грэкаў выклікаў мяне і гаворыць: «Ну як так?! Нейкая каўбасная спецыяльнасць у цябе. Трэба паступаць у інстытут», – расказвае Тамара Серафімаўна. – Адвучылася добра. Група была вельмі таленавітая. Ездзілі кругом, выступалі, па тэлебачанні нас паказвалі. А Міхаіл прыязджаў і іграў як музыкант нам.

Міхаіл Міхайлавіч Міткевіч, ці проста МММ, – чалавек-легенда Стаўбцоўбскага краю: 60 (!) гадоў у сферы культуры! Гарманіст і баяніст, таленавіты чытальнік, пераможца і лаўрэат усемагчымых конкурсаў і фестываляў, незаменны ўдзельнік усіх мерапрыемстваў, што ладзіць Вішнявецкі СДК, ведае на памяць ці не ўсю коласаўскую «Новую зямлю». З ім у маладосці Тамара Серафімаўна спявала дуэтам.

– Харошая дзеўка была, – адвешвае камплімент свайму цяперашняму кіраўніку Міхаіл Міхайлавіч.

У Мархачоўшчынскім клубе ўзнік і жаночы дуэт «Пяшчота», які праз трыццаць гадоў (сёлета якраз юбілей) па-ранейшаму любяць і без якога не абыходзіцца ніводны канцэрт. Яго стварылі Тамара Хватава і Вольга Станкевіч, яе найпершая памочніца. У Вольгі прыгожы высокі голас, Тамара спявае другім. Дуэт аб’ездзіў усю Беларусь, шмат дзе пабываў у суседніх краінах. Чаму «Пяшчота», дадумаць нескладана. Але якая сувязь гэтай назвы са Стаўбцоўшчынай, коласаўскімі мясцінамі? Высвятляецца, ёсць.

– Доўга думалі, як назваць, – гаворыць Тамара Серафімаўна. – І прыдумалі. У нас жа ў Акінчыцах ёсць драўляная скульптура «Пяшчота»: стаяць удваіх, прыхінуўшыся адно да аднаго… І рэпертуар у нас цёплы, душэўны, лірычны. Спяваем тое, што падабаецца людзям. Не, не фальклор, ім займаецца наш аматарскі калектыў «Раніца».

Фінал кіпучага культурнага быцця ў Мархачоўшчыне амаль супаў з выхадам на заслужаны адпачынак. Клуб закрылі, а Тамара Серафімаўна развітацца з ранейшым жыццём не захацела. Калі па праўдзе казаць, то, відаць, не змагла. Стала працаваць на паўстаўкі ў Вішнявецкім СДК. Такой бяды, што далекавата – занадта важны для яе быў гэты выбар.

У 2017-м Хватавай прапанавалі пасаду загадчыка. У кіраўнікі жанчына не рвалася, але ёсць магічнае слова «трэба», супраць якога аргументаў у Тамары Серафімаўны не знайшлося – не такі яна чалавек. Да таго ж яе запэўнілі, што гэта часова.

– Папрасілі на паўгода, і во працую дагэтуль, – у голасе Хватавай цэлы спектр эмоцый, і складана зразумець, чаго тут больш: радасці і задавальнення альбо заклапочанасці і адказнасці, бо, паводле яе ж трапнага выказвання, гэта не толькі спяванне – за ўсё адказны загадчык. Нават за дзяцей з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Іх наведваюць дома, прыцягваюць да заняткаў у клубных гуртках.

У зоне культурнага ўплыву Вішнявецкага СДК, апроч аграгарадка, яшчэ восем вёсак. Насельніцтва агулам ва ўсім наваколлі каля тысячы чалавек, яшчэ недзе шэсцьсот у самім Вішняўцы. Вёска не горад. Тут іншыя рытм і светаадчуванне, адносіны паміж людзьмі. Хочаш таго ці не, каб заслужыць павагу і аўтарытэт, мала падладзіцца да вясковай рэчаіснасці, гэтым напоўніцу трэба жыць.

«Папрасілі на паўгода, і во працую дагэтуль».

– На сяле людзі шмат працуюць. Тая ж даярка не бачыць белага свету, трактарысты… – разважае Тамара Серафімаўна. – Пасля працы хочацца і ў хаце што зрабіць, бо ў кожнага гарод і гаспадарка. Але прыходзяць. Праўда, моладзі малавата.

У пакоі вольнага часу Вішнявецкага СДК

Загадчык Дома культуры заўважае, што з інтэрнэтам вяскоўцы сталі больш цяжкія на пад’ём. У Вішнявец часта запрашаюць вядомыя прафесійныя калектывы і выканаўцаў. Ёй непрыемна, што канцэрты часам праходзяць без аншлагу. З іншага боку, нямала людзей рэгулярна і з вялікай ахвотай наведваюць Дом культуры.

Да таго ж, здаецца, вішнявецкія культработнікі знайшлі дзейсны метад супраць віртуальнай павуціны і чалавечага «няма часу». Пастаянна арганізоўваюць выязныя канцэрты. Ходзяць па хатах, каб павіншаваць добрым словам і песнямі юбіляраў. Выступаюць ва ўсіх вёсках у фармаце выязнога клуба. Уявіце сабе, самадзейныя артысты ездзяць следам за аўталаўкай: людзі купляюць неабходнае, а яны спяваюць.

А святы вёсак? Іх праводзяць улетку. На Стаўбцоўшчыне гэта ўвогуле асобная гісторыя. Іх тут ладзяць ад душы, з густам!

– Нават дзе дзве-тры хаты, усё роўна едзем. А як жа інакш? – паціскае плячыма Тамара Серафімаўна. – Менш шуму – больш справы.

«У культуры на вёсцы не кожны зможа працаваць. Тут патрэбны "ненармальныя"».

Лішне казаць, без культработнікаў не абыходзіцца ніводная значная падзея ці свята ў Вішняўцы і ваколіцах. Калектывы Дома культуры, у тым ліку дзіцячы «Дамісолька», – пастаянныя ўдзельнікі раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Знакаміты тэатр мініяцюр «Гавязнянка», гісторыя якога вядзе свой адлік ажно з 1961 года і які летась зноў пацвердзіў ганаровае званне народнага, не так даўно з поспехам выступіў на абласным фестывалі гульні і гумару «Капыльскія пацехі». Калектыў заняў першыя месцы ў дзвюх намінацыях. «На стаўбцоўскім кірмашы пасмяёмся ад душы» абяцалі самадзейныя артысты на фестывальнай афішы. Так яно і сталася. Поспех народнага тэатра, галоўным рэжысёрам якога з 2018 года з’яўляецца Галіна Азановіч, ашаламляльны.

– Я вельмі люблю свой калектыў. Разумеем адно аднаго з паўслова, вельмі дружныя, – усміхаецца Тамара Хватава. – Трэба рана ўстаць ці ў выхадны – ніякай бяды з імі.

Без «каровы» вішнявецкім артыстам ні туды і ні сюды. На фестывалі гульні і гумару «Капыльскія пацехі»

Бяда здарылася ў 2020-м. З самой Тамарай Серафімаўнай – яна трапіла ў аварыю, перасталі слухацца ногі.

– Але я навучылася хадзіць і вярнулася сюды. Праз год, – расказвае яна, стараючыся наўмысна заставацца спакойнай. – Мяне чакалі і так добра сустрэлі: «Любім цябе, Серафімаўна». І я іх люблю вельмі і не магу ўявіць, што буду ў хаце. Я сябе тут асабліва не стаўлю як кіраўнік. Мы ўсе на роўных. Але мяне, канешне, слухаюць. Здараецца, пакрычу нават… Усе харошыя. Галоўнае, што таленавітыя. Мне пашанцавала з гэтым.

Культарганізатар Андрэй Шыбко вядзе аматарскія аб’яднанні для дзяцей, адкрывае для іх розныя камп’ютарныя магчымасці. Увогуле, усё, што звязана з тэхнікай, у Доме культуры на ім. Ён і аператар, і гукарэжысёр. На працу ездзіць са Стоўбцаў.

– Тут усё неяк ярчэй і цяплей, больш згуртавана, дапамагаем адно аднаму, – гаворыць Андрэй Шыбко. – Праца дае мне натхненне. Некаторыя дзеткі ў нас унікумы, займаюць першыя месцы на розных прэстыжных конкурсах.

З Нінай Хвіцько, якая амаль сорак год працуе ў Вішнявецкім сельскім Доме культуры

Старанны ўдзельнік клубных калектываў – і танцуе, і спявае, і чытае – прыбіральшчыца Ніна Хвіцько. Налета будзе сорак гадоў, як яна працуе ў Вішнявецкім СДК. Лічы, амаль уся гісторыя ўстановы культуры (пабудавалі ў 1976-м) прайшла на яе вачах. І тое, як Дом культуры выглядае цяпер, чым напоўнены яго працоўныя будні, Ніну Аляксандраўну вельмі цешыць.

– Ніхто пра новага дырэктара нават не думаў, – гаворыць жанчына, згадаўшы той год, калі працавалі без Хватавай.

«Тут трэба любіць проста душой».

Прыехалі мы ў аграгарадок Вішнявец ў выхадны для культработнікаў панядзелак, таму не змаглі сустрэцца з усімі 11 супрацоўнікамі Дома культуры. Але і гэтых кароткіх знаёмстваў хапіла, каб зразумець, якія самаадданыя і творчыя тут людзі.

– У культуры на вёсцы не кожны зможа працаваць. Тут патрэбны «ненармальныя», вы ж зразумейце, – крыху гарачыцца Тамара Серафімаўна. – Гэта трэба забыць пра сям’ю, пра хату, пра ўсё на свеце. Добра, як дзеці і ўнукі павырасталі, а ёсць жа і маладзейшыя супрацоўнікі. Муж ужо прывык, куды ён дзенецца?! Яшчэ можа і сам завезці туды, дзе нам трэба выступаць.

Цікаўлюся ў Хватавай, на якой пазіцыі, на яе думку, будзе работнік культуры ў своеасаблівым рэйтынгу мясцовай вясковай інтэлігенцыі.

– Да нас ставяцца з павагай, – дыпламатычна заўважае Тамара Серафімаўна. – За столькі гадоў зарабілі яе. І лічацца з намі, дапамагаюць. Трэба любіць тое, што робіш. Адданым быць справе, якой займаешся. Іначай нічога не атрымаецца. Шмат было такіх: адпрацуе два гады – і пайшоў. Звычайная «адбывалаўка». А тут трэба любіць проста душой. Такія людзі рэдкасць, але яны ёсць, дзякуй Богу.

У Тамары Серафімаўны двое ўнукаў. Дзяніс адслужыў у арміі, працуе ў Дэпартаменце аховы МУС. Дар’я – школьніца, вучыцца ў 7-м класе. Дачка Алена, хоць закончыла музычную школу і мае добры голас, выбрала чыгунку.

Пра такіх, як Міхаіл Міткевіч, кажуць: і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц

Нядаўна ўнук абрадаваў сваю бабулю.

– Прыедзе ў госці з дзяўчынай, – задаволена ўсміхаецца Тамара Серафімаўна. – Я рана выйшла замуж, можа, рана і прабабкай стану.

– Напэўна, гэта ж не адзінае ваша жаданне? – з пэўным падвохам цікаўлюся.

– Каб гады маладыя вярнуць ды больш папрацаваць, каб ногі лепей хадзілі… Новыя касцюмы пашыць, святламузыку набыць, жалюзі на вокны. Каб людзі часцей наведвалі Дом культуры, – пералічвае Тамара Серафімаўна Хватава, і, крыху памаўчаўшы, дадае: – Хочацца жыць і радавацца душой, любіць Радзіму сваю, прыгожую і непаўторную, дарыць радасць землякам. Бо мы жывём у цудоўнай краіне!

…З цішыні і спакою залатога вясковага дня вяртаемся ў шумную сталіцу. На душы хораша і ўтульна. Так звычайна бывае, калі лёс дорыць сустрэчу са шчырымі і нераўнадушнымі людзьмі, якія светлыя душой і сваімі жыццёвымі памкненнямі.

А можа, гэта ўсё найсмачнейшая ў свеце, «коласаўская» гарачая верашчака з блінамі вінавата, якой нас тут пачаставалі? Вы як лічыце? :)

Лічбы і факты

• У сферы культуры Беларусі заняты 43,8 тысячы чалавек, з іх жанчын 72,1 %.

• У краіне дзейнічае 2291 клуб, летась яны правялі 564,8 тысячы культурных мерапрыемстваў.

• Налічваецца 17,8 тысячы клубных фарміраванняў, іх наведваюць 207,4 тысячы чалавек.

• Кадры для сферы культуры рыхтуюць па трохузроўневай сістэме 393 дзіцячыя школы мастацтваў, 20 устаноў сярэдняй спецыяльнай і тры вышэйшай адукацыі.

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.


| Ігар ГАНЧАРУК, часопіс «Беларуская думка».
| Фота Надзеі КАСЦЕЦКАЙ, газеты «Прамень» (г. Стоўбцы) і з асабістага архіва Тамары ХВАТАВАЙ.


ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
https://beltaplus.by/ru/person-ru/view/mensh-shumu-bolsh-spravy-geta-belaruska-38-god-shchyrue-nad-kulturaj-staubtsoushchyny-16882-2024/
БелТА плюс - специальное приложение, 2020
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
 - размещаются материалы рекламно-информационного характера.