Жніво спрадвеку для беларусаў мела сакральнае значэнне. Кожны яго этап - ад першага выхаду ў поле да апошняга снапа - быў напоўнены глыбокім сэнсам, асабліва дажынкі. Сёння гэта векавая сувязь з роднай нівай набыла новае вымярэнне. Дзякуючы ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, стратэгічнаму бачанню кіраўніка нашай дзяржавы старажытны абрад перарос у маштабную народную традыцыю. Цяпер гэта неад’емная частка дзяржаўнай палітыкі, у цэнтры якой - чалавек працы, гаспадар сваёй зямлі.
Адкуль жыта расце?
Калісьці даўно праца ў полі была адзіным спосабам не памерці
з голаду зімой. Дык ці дзіва, што нашы продкі ставіліся да збожжа як да
святыні, лічылі яго найвышэйшым дарам. І дажынкі - гэта не толькі пра ўраджай:
маўляў, дажалі і пайшлі дадому. А сказаць дзякуй Зямлі-Матухне і духам, якія
там недзе ў каласах жылі? Людзі завіхаліся да сёмага поту, так, што спіны не
разгінаюцца, сонца смажыць, авадні і мошкі ядуць, а тут - апошні сноп. Усё,
фініш!
На апошняй паласе пачыналася самае цікавае. Там заўсёды
пакідалі невялікі кавалак жыта - "бараду". Яе не зразалі, а
запляталі, прыгіналі да зямлі і клалі пад яе кавалачак хлеба з соллю. Гэта такі
"лайфхак" для духаў поля: маўляў, "мы ўсё забралі, але вам крыху
пачастунку пакінулі, не крыўдуйце, прыходзьце на наступны год".
Апошні сноп - дажынок - спляталі хітра, упрыгожвалі
кветкамі. Крый Божа нядбайна абысціся ці згубіць яго: налета зямля
пакрыўдзілася б і нічога не дала. Выбіралі самую прыгожую і працавітую дзяўчыну
- "жніўную каралеву", надзявалі на яе вянок з каласоў і кветак -
тагачасны Оскар за найлепшую працу ў полі, і яна несла сноп-прыгажун у вёску.
Усе спявалі, радаваліся. Гэта быў такі беларускі карнавал, толькі замест
бразільскіх танцаў - нашы шчырыя, урачыстыя працяглыя дажынкавыя песні, ад якіх
мурашкі па скуры. Іх было чуваць здалёк.
Cмак жніва: папрацавалі - трэба і падсілкавацца!
Не будзь дурнем, не злуй духаў, казалі нашы продкі. Яны былі
людзьмі практычнымі, але крыху забабоннымі. І, ведаеце, правільна рабілі!
Напрыклад, нельга было пакідаць на полі "недажынкі" - гэта лічылася
страшным грахом. Калі ты не дабраў ураджай, значыць, пакрыўдзіў духаў, і на
наступны год яны табе ўладкуюць засуху ці град. Ці апошні сноп. Яго нельга было
кідаць, як папала, таму неслі ў хату, з пашанай ставілі на покуці, і ён там
знаходзіўся ўсю зіму як абярэг. Вянок, што на дзяўчыне, таксама захоўвалі ў хаце,
а вясной зярняты з яго першымі кідалі ў зямлю падчас сяўбы.
Але вернемся да радаснай працэсіі, якая ідзе з поля да
гаспадара. Той ужо чакае, каб шчодра аддзячыць жнеям - пачаставаць і заплаціць
за працу. Апошні сноп ставілі на покуць, пад абразы, і пачыналася свята.
Гаспадар выстаўляў на стол усё, што было ў склепе і ў печы. Абавязкова быў хлеб
з новага ўраджаю, квас, піва, сала, бліны, каша і розныя мясныя стравы. Добра
частаваліся, а пілі - ну, скажам так, каб песні спяваліся яшчэ гучней.
Неўзабаве за працу браліся музыкі, і моладзь не магла
ўседзець. Пачыналіся танцы, жарты, прыкмячалі, хто на каго як глядзіць. Дажынкі
былі ідэальным часам для сватаўства. Калі хлопец дапамагаў дзяўчыне дажаць яе
ўчастак - гэта ўжо, лічы, амаль намёк на вяселле. Прычым "алгарытмы"
тагачаснага мэтчынгу былі вельмі практычнымі: хлопец адразу бачыў, ці
працавітая дзяўчына, а дзяўчына магла ацаніць сілу і надзейнасць патэнцыйнага
жаніха.
Нашы продкі на дажынках гулялі так, што да ночы не
разыходзіліся. Свята ў іх атрымлівалася шчырае, жывое. Знясіленыя за тыдні
цяжкай працы людзі нібы скідалі з сябе стому і весяліліся ад ўсёй душы. Жыццё
працягваецца, і гэта самае галоўнае.
Больш чым свята
У 1996 годзе, у той час, калі Беларусь толькі шукала свой
шлях у новай геапалітычнай рэальнасці, па ініцыятыве Прэзідэнта ў краіне
нарадзіўся ўнікальны пачын - рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла
"Дажынкі". Дэбют адбыўся 7-8 верасня ў Століне. Выбар горада не быў
выпадковым: Століншчына на той момант дэманстравала выдатныя вынікі лідара па
ўраджайнасці ў Брэсцкай вобласці. Акрамя таго, у горада глыбокія гістарычныя
карані, ён славіўся сваім каларытным "Палескім кірмашом".
Менавіта ў Століне была закладзена новая культура ўшанавання
працаўнікоў вёскі. Найлепшыя камбайнеры і аграрыі краіны ўпершыню атрымалі
прызнанне дзяржаўнага ўзроўню: грашовыя прэміі, бытавую тэхніку, матацыклы і,
што стала сімвалам новага часу, ключы ад 12 легкавых аўтамабіляў.
На І Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла "Дажынкі"
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста ўручыў героям жніва ключы ад
новенькіх аўтамабіляў "Жыгулі". 7 верасня 1996 года.
Са Століна пачалася і іншая важная традыцыя - комплексная
трансфармацыя гарадской інфраструктуры. "Дажынкі" сталі магутным
імпульсам для развіцця рэгіёнаў. Да свята ў Століне рэканструявалі цэнтральныя
вуліцы, абнавілі бібліятэку і гасцініцу. Аднак галоўным дасягненнем стаў увод у
эксплуатацыю новага будынка раённай бальніцы і паліклінікі. Такая пільная ўвага
менавіта да сацыяльнага складніка яскрава прадэманстравала: дзяржава ўкладвае
значныя рэсурсы не толькі ў "фасад", але і ў якасць жыцця людзей. На
памяць пра тую падзею ў райцэнтры з’явілася вуліца Дажыначная - сімвал павагі
да хлебаробскай працы.
Каб асэнсаваць сапраўдную вартасць тагачаснага рашэння
Прэзідэнта аб правядзенні "Дажынак", варта згадаць, які перыяд тады
быў. У сярэдзіне 1990-х краіна перажывала востры палітычны крызіс, а эканамічны
хаос пасля распаду СССР пагражаў сацыяльнай стабільнасці. У грамадстве панавала
разгубленасць. У той складаны момант Аляксандр Лукашэнка зрабіў стаўку на самае
надзейнае - на працавітага беларуса, на вяскоўца, які заўсёды быў апорай нацыі.
Менавіта Прэзідэнт стаў тым стратэгам, які ўбачыў у старажытным абрадзе
завяршэння жніва магутны аб’яднаўчы і матывацыйны патэнцыял.
Гэта быў смелы і дальнабачны крок: кіраўнік дзяржавы пайшоў
да народа, каб падтрымаць яго і даць яму ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
Прэзідэнт вярнуў "Дажынкам" іх былую веліч, зрабіўшы земляроба -
камбайнера, агранома, механізатара - галоўнай фігурай нашага жыцця. Кіраўнік
маладой суверэннай дзяржавы бачыў у іх не выканаўцаў планаў, а сапраўдных
герояў, на якіх трымаецца падмурак нацыянальнай бяспекі і дабрабыт кожнай
беларускай сям’і. Гэта было пасланне грамадству: дзяржава бачыць і шануе тых,
хто працуе на зямлі. Прэзідэнт сваім асабістым прыкладам паказаў: хлебаробская
праца - не цяжкая павіннасць, а высакародная місія, якая заслугоўвае
найвышэйшага гонару.
Столін, 7-8 верасня 1996 года.
Ініцыятыва Прэзідэнта вярнула ў вёску пачуццё ўласнай годнасці. Калі раней праца на полі ўспрымалася як нешта другараднае, то дзякуючы "Дажынкам" яна стала прэстыжнай. Маладыя спецыялісты пачалі бачыць перспектыву ў аграрным сектары, а ветэраны працы адчулі, што іх шматгадовыя намаганні не былі марнымі. Фестываль стаў своеасаблівым "сацыяльным ліфтам" і пляцоўкай для абмену вопытам, дзе перадавыя тэхналогіі сустракаюцца з народнай мудрасцю.
Прэзідэнт паказаў, што традыцыя - не застылы экспанат у
музеі, а жывы арганізм, які развіваецца разам з краінай. "Дажынкі"
сталі сімвалам нашай упэўненасці ў заўтрашнім дні, дзе хлеб на стале - вынік
працы, падтрыманай моцнай рукой лідара, які любіць сваю зямлю і свой народ.
Свята - сапраўдны гімн беларускай працавітасці, які гучыць сёння ў кожным
рэгіёне дзякуючы таму, што ў свой час Прэзідэнт паверыў у сілу народнай
традыцыі і даў ёй новае, стваральнае жыццё.
Кожны горад, які прымаў свята, нібы атрымліваў другое
дыханне: рамантаваліся дарогі, узводзіліся новыя школы, спартыўныя комплексы і
культурныя цэнтры. Гэта была прадуманая стратэгія дэцэнтралізацыі дабротаў,
калі значныя дзяржаўныя сродкі накіроўваліся не толькі ў сталіцу, але і ў
рэгіёны, дзе жыццё станавілася больш камфортным і сучасным.
З цягам часу маштаб "Дажынак" вырас настолькі, што
ўжо ў ранейшых рамках ім стала цесна. У 2015 годзе па прапанове Прэзідэнта
фармат свята атрымаў новае пераасэнсаванне. Было відавочна: праца аграрыя - не
толькі збожжа ў засеках. Гэта працяглы вясковы марафон, які пачынаецца ранняй
вясной з сяўбы і заканчваецца ўборкай кукурузы і цукровых буракоў. Свята выйшла
за межы аднаго горада і стала, можна сказаць, усенародным: прыйшло ў кожны
рэгіён, у кожны куток нашай краіны.
Каравай вагою 150 кг "узначаліў" святочнае шэсце на абласных
"Дажынках" у Талачыне. 2015 год.
Правядзенне абласных фестываляў у раённых цэнтрах і
аграгарадках добра падштурхнула іх развіццё. Толькі ўдумайцеся: за гады
існавання "Дажынак" больш як 80 фестываляў літаральна змянілі аблічча
116 беларускіх гарадоў і мястэчак. І гэта не касметычны рамонт. Мяняюцца
камунікацыі, вырастаюць сучасныя спартыўныя комплексы, абнаўляюцца бальніцы і
ўстановы культуры. "Дажынкі" прыносяць з сабой рэальныя перамены,
якія застаюцца для людзей на доўгія гады.
Гэты працэс неразрыўна звязаны з маштабнай стратэгіяй
стварэння вёсак будучыні. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднаразова
падкрэсліваў: сельскі працаўнік корміць краіну, і ён заслугоўвае жыць у
камфортных, сучасных умовах, якія ні ў чым не саступаюць сталічным. Гэта ўрэшце
інвестыцыя ў будучыню беларускай вёскі. Мы захоўваем нашы традыцыі, але пры
гэтым ствараем умовы, каб моладзь хацела заставацца на зямлі, каб тут было
годна жыць і выхоўваць дзяцей. Такая стратэгія гаворыць пра ўпэўненасць у заўтрашнім
дні. Калі на месцы старых вуліц з’яўляюцца сучасныя кварталы, а ў раённым
цэнтры адкрываецца аб’ект, якому пазайздросцяць нават мінчане, відавочна:
Прэзідэнт выконвае сваё галоўнае абяцанне – забяспечыць справядлівасць і роўныя
магчымасці для кожнага, незалежна ад таго, дзе чалавек жыве і працуе. Гэта і
ёсць сапраўдная сацыяльная дзяржава ў дзеянні.
Часам ідзеш па вуліцы нейкага райцэнтра, які яшчэ пару гадоў
таму выглядаў, мякка кажучы, "стомленым", а сёння - кветнікі,
ліхтары, новенькі асфальт, дзеці на веліках ганяюць…
Інтрыга ў тым, што кожныя наступныя "Дажынкі" -
заўсёды выклік. Мы стварылі сістэму, дзе традыцыя стала рухавіком прагрэсу.
Імкнёмся зрабіць жыццё на зямлі прэстыжным, сучасным і, што немалаважна,
прыгожым. Мы перасталі быць "краінай-агародам" і сталі дзяржавай, дзе
аграрны сектар - гэта высокатэхналагічны бізнес з чалавечым тварам.
Да 30-годдзя "Дажынак" БЕЛТА выдала кнігу-альбом, якую прэзентавалі
падчас Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах.
Аляксандр Лукашэнка заўсёды глядзіць на рэчы значна шырэй.
Для Прэзідэнта хлеб - не толькі прадукт на стале, гэта фундамент нашага
суверэнітэту і незалежнасці. У свеце, дзе рэсурсы становяцца галоўнай валютай,
а прадукты харчавання - стратэгічным таварам, беларуская мадэль развіцця вёскі
выглядае як вельмі празорлівы і дальнабачны крок. Прэзідэнт асабіста кантралюе
кожны этап гэтай вялікай працы, патрабуючы ад чыноўнікаў не фармальных адпісак,
а рэальнага, чалавечага клопату. Менавіта таму "Дажынкі" сталі своеасаблівым
люстэркам нашай дзяржаўнай палітыкі: яны наглядна паказваюць, як праз павагу да
каранёў і смелае ўвядзенне інавацый можа эвалюцыяніраваць цэлая краіна, не
губляючы пры гэтым сваёй ідэнтычнасці.
Аблічча сучаснай вёскі вызначаюць высокія тэхналогіі і
магутная тэхніка, якой кіруюць праз спадарожнікі, і, галоўнае, людзі, што
ганарацца сваёй справай. І ў гэтым глабальным пераўтварэнні роля Прэзідэнта
з’яўляецца вызначальнай. Кіраўнік дзяржавы ў самыя складаныя часы не дазволіў
разбурыць аграрны сектар, а наадварот - зрабіў яго адным з галоўных драйвераў
нашай эканомікі. Ён паверыў у беларускага селяніна, калі многія іншыя ставілі
на вёсцы крыж.
На адкрыцці абласных "Дажынак-2026" у аграгарадку Жамчужны
Баранавіцкага раёна.
Гледзячы на тое, як з кожным годам прыгажэюць нашы гарады,
як напаўняюцца жыццём аграгарадкі, становіцца відавочна: "Дажынкі" -
не толькі свята ўраджаю. Гэта свята беларускага характару, нашай здольнасці
гаспадарыць на сваёй зямлі і нашага агульнага імкнення да росквіту. І ведаеце,
што самае прыемнае? Калі бачыш вочы нашых аграрыяў, якія атрымліваюць
узнагароды. У іх няма пафасу, толькі спакойная ўпэўненасць людзей, якія ведаюць
цану свайму хлебу. Мы прайшлі шлях ад жніўнага сярпа да спадарожнікавага маніторынгу
палёў, але душа свята засталася ранейшай - шчырай, хлебасольнай і па-беларуску
ўпартай.
І яшчэ сёе-тое
Хто-небудзь спрабаваў палічыць, колькі хлеба з’ядае адзін
чалавек за ўсё сваё жыццё? Сухія статыстычныя лічбы дапамогуць ажывіць у думках
яскравы малюнак - цэлыя горы залацістага збожжа. Але калі паглядзець глыбей,
кожная скібка - гэта вынік маўклівай кааперацыі сотняў рук, шчодрасці сонца і
жыватворнай сілы дажджу. У кожным кавалку хлеба схавана гісторыя зямлі, якая
нас корміць.
Мы ўсе звязаны адной нябачнай, але трывалай ніткай - залатым
каласком. Чаму ж свята ўраджаю не губляе сваёй актуальнасці, нягледзячы на
імклівы бег часу? Магчыма, таму, што ў ім жыве сапраўдная магія, якую мы
навучыліся берагчы на дзяржаўным узроўні.
Толькі ўявіце: лета павольна згасае, палі пусцеюць, і
прырода нібы выбухае ўдзячнасцю. Песні, шчырыя словы падзякі працаўнікам,
караваі памерам з кола ад трактара і той непаўторны, густы пах свежага хлеба…
Гэты водар пранікае ў самую душу, нагадваючы пра нашы карані і пра тое, што
сіла беларусаў - у адзінстве і павазе да роднай зямлі.
Калі праца ў радасць, а вынік - агульны гонар.
"Дажынкі" - наш генетычны код, які перадаецца ад
бацькоў да дзяцей, ён нязменны ў сваёй глыбіні і мудрасці. Як бы імкліва ні
развіваўся свет, як бы ні ўдасканальваліся тэхналогіі і змяняліся магутныя
камбайны на палях, непарушным застаецца галоўнае: святая павага да хлеба і да
тых, хто сваімі мазольнымі рукамі шчыруе на роднай зямлі.
"Дажынкі" - момант ісціны, калі мы спыняемся, каб выцерці пот з ілба, азірнуцца на пройдзены шлях і з пачуццём заслужанага задавальнення сказаць сабе і ўсяму свету: "Мы зрабілі гэта. Мы зноў з хлебам". Гэта трыумф працы, які аб’ядноўвае нас у адзіную сям’ю.
І пакуль у нашых сэрцах трывае непарыўная сувязь з роднай
нівай, пакуль разумеем сапраўдную цану кожнага залацістага каласка - свята
будзе жыць. Бо хлеб - наша жыццё, наша гістарычная памяць і надзейны падмурак у
будучыню.
| Ігар Ганчарук, часопіс "Беларуская думка", ілюстрацыйны матэрыял з архіва БЕЛТА.

- размещаются материалы рекламно-информационного характера.