Касцюковічы сваім сучасным выглядам і
ўтульнасцю абавязаны звычайнаму цэменту. А дакладней - мергелю, з якога будаўнічы
матэрыял і робяць. У канцы 1970-х каля радовішчаў гэтай пароды вырас цэментны
завод, а побач, літаральна на месцы асушанага балота, пачаў забудоўвацца
мікрараён Маладзёжны. Вось так дзякуючы цэментнай справе горад, гісторыя якога
налічвае больш як 500 гадоў, атрымаў другое дыханне.
Перазагрузка
Мы выбраліся ў Касцюковічы сонечным
жнівеньскім днём ледзь не за месяц да свята. Райцэнтр нагадваў разварушаны
мурашнік: усюды нешта фарбавалі, падпраўлялі, прыбіралі. Куды ні глянь,
віднеліся рыштаванні. У паветры стаяў лёгкі пах свежай фарбы, бетону і пылу -
нязменных атрыбутаў любога маштабнага абнаўлення. Але ва ўсёй гэтай атмасферы
адчуваўся спакойны і зладжаны рытм, калі кожны ведае, што і як рабіць, у які
тэрмін завяршыць. Падстрыжаныя газоны, новыя лаўкі і яркія кветкавыя кампазіцыі
цешылі вока: свята яшчэ не пачалося, а настрой ужо на ўсе сто.
- Гляджу і радуюся: асфальт як з карцінкі,
тратуары роўныя, а веласіпедыстам нарэшце не трэба змагацца за выжыванне на
дарозе, - дзеліцца ўражаннямі мясцовая жыхарка Людміла Баранава, якую мы
сустрэлі на прыпынку. Жанчына ехала на дачу і чакала аўтобус. - Не тое каб
раней было кепска, але горад нібыта змяніў імідж і памаладзеў. Перад гасцямі
Дня беларускага пісьменства, якога мы ўсе чакаем, чырванець дакладна не
давядзецца.
Касцюковіцкія прыпынкі натхняюць
Да свята Касцюковічы падышлі крэатыўна:
звычайныя прыпынкі ператварылі ў літаратурныя арт-аб’екты - міні-бібліятэкі пад
адкрытым небам. Цяпер замест нуднага чакання аўтобуса - сустрэча з партрэтамі
пісьменнікаў-землякоў і мудрымі радкамі з іх твораў.
Адметна, што ў "перазагрузцы"
райцэнтра напярэдадні Дня беларускага пісьменства акцэнт зроблены менавіта на
сацыяльныя і культурныя аб’екты. Узяць хоць бы мясцовы краязнаўчы музей - ён
доўга чакаў свайго зорнага часу. Пасля капітальнага рамонту і абнаўлення
экспазіцыі, мне здаецца, нават самыя заўзятыя дамаседы захочуць туды зазірнуць.
Абяцаюць паказаць такое, чаго раней ніхто ў вочы не бачыў: асабістыя рэчы
пісьменнікаў-землякоў, рукапісы і нават машынапіс Івана Чыгрынава з праўкамі,
якія ён рыхтаваў для пасяджэння Генеральнай Асамблеі ААН. Уяўляеце? Чыгрынаў
піша, а ў Нью-Ёрку ўсе слухаюць!
Да свята абнавілі фасад трохзоркавага гатэля «Касцюковічы»
- Завяршаем унутраныя аздобныя работы і
добраўпарадкаванне музейнай тэрыторыі, - расказвае прараб вядомай не толькі на
Магілёўшчыне Касцюковіцкай ПМК-260 Віктар Бурдзялёў. - Такога не было, каб мы
не паспелі. Праца звыклая, але адказнасць перад землякамі адчуваецца асаблівая.
- На свята пойдзеце?
- Абавязкова, - усміхаецца Віктар
Анатольевіч. - Разам з жонкай і ўнукамі. Іх у нас трое - Мацвей, Мікіта і Маша.
Раскажу ім, што гэта за свята, пра нашых пісьменнікаў. Яны ўжо і цяпер
пытаюцца…
Віктар Бурдзялёў
Сярод рабочых заўважаем хлопца ў цяльняшцы
пагранічных войскаў. Знаёмімся: Кірыл Завадскі, 29 гадоў, цясляр ПМК-260.
- Задачы ў мяне розныя, - былы пагранічнік
нешматслоўны. - Дэмантаж, устаноўка вокнаў і дзвярэй, бетонныя работы - шмат
чаго даводзіцца рабіць.
Майстар на ўсе рукі прызнаецца: працаваць
у родным горадзе прыемна і зручна - сям’я побач, не тое што ў камандзіроўках.
Ён шматдзетны бацька, выхоўвае траіх сыноў. Малодшаму Мірону яшчэ няма і двух
гадоў. На свята збіраюцца ўсёй сям’ёй.
- Жывём у прадчуванні, бо падзея для нашых
Касцюковічаў, можна сказаць, эпахальная, - заўважае хлопец.
Кірыл Завадскі
З пагранвойскамі ўсё зразумела, а вось
абрэвіятуру ВДВ той, хто служыў там, расшыфруе як "войскі дзядзькі Васі".
І гэта не жарт. Заснавальнікам сучасных паветрана-дэсантных войскаў па праве
лічыцца Герой Савецкага Саюза, генерал арміі Васіль Піліпавіч Маргелаў, які
камандаваў імі амаль чвэрць стагоддзя. Дык вось, жыццё гэтага легендарнага
военачальніка цесна звязана з касцюковіцкай зямлёй. Тут прайшлі яго дзіцячыя
гады, тут ён скончыў школу і пайшоў працаваць у мясцовы лясгас. На галоўнай
плошчы райцэнтра побач з помнікам землякам-героям узвышаецца бюст генералу
арміі Васілю Маргелаву.
Мікалай Рацкевіч, намеснік старшыні
Касцюковіцкага райвыканкама:
- Пачалі рыхтавацца да Дня беларускага
пісьменства яшчэ летась, як толькі прынялі эстафету ад Ліды. Магу сказаць
упэўнена: асноўная праца зроблена. Прывялі ў парадак фасады дамоў, амаль
скончылі капітальны рамонт краязнаўчага музея - хутка там адкрыецца абноўленая
экспазіцыя. Штодня на аб’ектах працуюць каля дзвюх соцень чалавек.
Абнавілі і "пераапранулі" нашы
мемарыялы, прывялі ўсё ў належны выгляд. Самы маштабны ўчастак - плошча перад
райвыканкамам: менавіта тут будзе галоўная сцэна свята. Насупраць з’явіцца
сучасны фантан, як у Дубаі, толькі крыху меншы (усміхаецца). А скульптурная
кампазіцыя "Алесь і Алеся", несумненна, стане яшчэ адной візітоўкай
Касцюковічаў.
Паклалі каля 10 кіламетраў новага асфальту
- для нашага горада добры вынік. Абноўлены сацыяльныя аб’екты, з’явіліся новыя
дзіцячыя пляцоўкі і прыгожыя малыя архітэктурныя формы. Цэнтральны сквер цяпер
не пазнаць.
Словам, зрабілі велізарны аб’ём працы. Вялікі дзякуй спонсарам, асабліва Беларускаму цэментнаму заводу. Ды і самі жыхары не застаюцца ўбаку: наводзяць парадак каля сваіх дамоў. Нашы людзі вельмі адказныя: калі папросіш - заўсёды падтрымаюць і дапамогуць.
Мікалай Рацкевіч
- Мая галоўная мара - каб свята ў Касцюковічах прайшло на высокім узроўні. Спадзяюся, нашы намаганні ацэняць і, магчыма, давераць правесці абласныя "Дажынкі". Выдатны шанец зрабіць наш горад яшчэ больш прыгожым і камфортным для жыцця, - гаворыць Мікалай Рацкевіч.
Літаратурны магніт
Ці шмат вы ведаеце раёнаў, якія падарылі
краіне адразу двух народных пісьменнікаў? А тут - Аркадзь Куляшоў і Іван Чыгрынаў.
Гэта класікі беларускай літаратуры! А дадайце яшчэ амаль тры дзясяткі
таленавітых творцаў, такіх як Васіль Хомчанка, Аляксей Русецкі, Леанід
Левановіч, Мікалай Леўчанка, Алесь Пісьмянкоў ды іншыя, - і стане зразумела,
чаму паветра на Касцюкоўшчыне нейкае асаблівае, "літаратурнае ". Мясцовым
жыхарам ёсць чым ганарыцца, а нам - каго перачытваць.
З 2007-га тут ладзяць рэгіянальны
фестываль паэзіі і аўтарскай песні "Пісьмянкоў луг". За 18 гадоў ён
запаліў столькі зорак з Магілёўшчыны і іншых рэгіёнаў нашай краіны, Смаленскай
і Бранскай абласцей Расіі, што хопіць на цэлае сузор’е.
А літаратурная спадчына побач - у сценах цэнтральнай
раённай бібліятэкі імя Івана Чыгрынава. Сёння бібліятэчная сетка, апроч
цэнтральнай установы, налічвае яшчэ сем філіялаў, і агульны кніжны фонд складае
каля 200 тысяч асобнікаў. Палова яго - беларускія выданні.
- Мы не толькі захоўваем і прапануем
чытачам кнігі ды перыёдыку, - расказвае дырэктар бібліятэчнай сеткі
Касцюковіцкага раёна Святлана Федасенка. - Ствараем прастору, дзе сучасныя
аўтары сустракаюцца з аматарамі прыгожага пісьменства, дзе людзі натхняюцца
творчасцю землякоў і пульсуе літаратурнае жыццё нашага раёна.
Святлана Федасенка
Цікава, хто з беларускіх аўтараў сёння ў
топе? Дырэктар пералічвае імёны, якія ўжо сталі класікай: Быкаў, Караткевіч,
Чаргінец, Шамякін, Чыгрынаў. Чытаюць жыхары Касцюкоўшчыны і творы сучасных
беларускіх літаратараў.
- Людзі цягнуцца да свайго, роднага, -
гаворыць Святлана Федасенка. - Стараемся правесці як мага больш сустрэч з
аўтарамі. Гэта ж зусім іншая энергетыка!
Дырэктар прызнаецца: сама яна яшчэ са
школы любіць творы Васіля Быкава.
- Чытаю, безумоўна, толькі ў арыгінале, на
беларускай мове. Усім раю рабіць гэтак жа - зусім іншыя глыбіня і смак слова, -
сцвярджае Святлана Мікалаеўна.
Да Дня беларускага пісьменства
бібліятэкары падрыхтавалі насычаную праграму: прэзентацыі кніг, сустрэчы з
літаратарамі і разнастайныя выставы. Адбудзецца і знакавая падзея - у
цэнтральнай бібліятэцы ўрачыста адкрыюць мемарыяльную дошку народнаму
пісьменніку Беларусі Івану Чыгрынаву.
- Што чакаю ад Дня беларускага
пісьменства? - перапытвае Святлана Федасенка і з усмешкай дадае: - Вялікую
калекцыю кніг, якую нам падорыць Саюз пісьменнікаў. А кнігі для нас - гэта ўсё!
Вядома, хочацца, каб паболела чытачоў, каб такое цудоўнае свята стала
адчувальным штуршком для папулярызацыі чытання і любові да роднай літаратуры і
культуры.
У бібліятэцы нас чакала прыемная
неспадзеўка: сустрэлі тут дзвюх творчых жанчын. Святлана Даськова загадвае
Пралетарскім сельскім клубам і сама піша вершы. Наталля Азаранка - сябра Саюза
пісьменнікаў Беларусі, усё жыццё верная роднаму слову.
Святлана Даськова і Наталля Азаранка
- Тое, што свята праходзіць у нашым
горадзе, - падзея знакавая, - гаворыць Наталля. - І справядлівая. Касцюковічы -
літаратурная сталіца Магілёўшчыны. Лішне казаць, колькі талентаў падарыла наша
зямля.
На думку Наталлі Азаранкі, Дзень
беларускага пісьменства - выдатная нагода спыніцца і задумацца пра вытокі.
- Хачу, каб людзі павярнуліся да роднай
мовы, адчулі яе мілагучнасць і зразумелі, што яна нам патрэбная як паветра, -
гаворыць яна.
Святлана Даськова падтрымлівае сяброўку па
творчасці.
- Ой, я ў сваіх вершах часам і пакаяцца
магу: "Даруй мне, чароўная родная мова, што рускае слова я больш разумею…"
- з усмешкай расказвае яна. - Пішу звычайна па начах, як тая сава. А раніцай
перачытваю - і сама дзіву даюся. Муж, праўда, не ў вялікім захапленні ад маіх
начных бяссонніц, але што зробіш - творчасць!
У сваім клубе Святлана Васільеўна стварыла
аб’яднанне "Кнігазор". Збірае вакол сябе такіх жа аматараў
літаратуры, як сама. Праўда, пашыраць рады "кнігазораўцаў" няпроста.
- Моладзь цяпер больш у інтэрнэце ды
гаджэтах сядзіць, чым з кнігаю, - канстатуе яна. - Але мы не здаёмся - працуем
з дзецьмі, і ім, ведаеце, становіцца цікава.
Да свята на цэнтральнай плошчы
Касцюковічаў усталявалі скульптурную кампазіцыю "Алесь і Алеся". Гэты
твор сімвалізуе светлую пару юнацтва і першае каханне. Яго аўтар - магілёўскі
скульптар Аляксандр Мінькоў - натхняўся знакамітым вершам Аркадзя Куляшова "Бывай".
Не сумняваюся: цяпер у закаханых з’явілася месца, куды можна прынесці кветкі
або прачытаць услых любімыя радкі.
Але ці існавала ў жыцці народнага паэта
тая самая Алеся, ці гэта толькі паэтычны вобраз, легенда, выдумка? Дзе шукаць
адказ? Вядома, на радзіме выбітнага майстра паэтычнага слова.
"Бывай, абуджаная сэрцам…"
Чарнобыль падзяліў Касцюкоўшчыну напалам:
адну частку раёна радыяцыя зрабіла непрыдатнай для жыцця. Хтосьці перасяліўся
далёка, але большасць людзей вырашыла застацца - не ў сваёй хаце, дык хоць па суседстве,
каб і да магіл продкаў блізка, і краявіды родныя перад вачыма.
Так выйшла і з Саматэвічамі, вельмі
самабытным мястэчкам, дзе нарадзіўся і вырас народны паэт Беларусі Аркадзь
Куляшоў. З’явіўся аграгарадок Новыя Саматэвічы. Сюды вымушана пераехаў і
літаратурны музей, экспазіцыя якога расказвае пра жыццё і творчасць знакамітага
земляка. Сёння гэта філіял Касцюковіцкага краязнаўчага музея. Тут не будуць
грузіць вас школьнай праграмай (яе, пэўна, яшчэ са школы памятаеце, ці не?), а
раскажуць такое, чаго ў падручніках не прачытаеш.
- Старажылы нашы любілі пагаварыць пра
Куляшова - для іх ён як родны, - кажа вялікі энтузіяст сваёй справы, загадчык
літаратурнага музея Наталля Лабынцава. - Нават мясціны тут павызначалі яго
імем. Вось, напрыклад, Куляшоўскі мост. Чаму так? А таму, што паэт сваю малую
радзіму любіў да непрытомнасці. Як толькі прыедзе - уся вёска на вушы
станавілася, свята ж! Збіраліся каля моста, што побач з яго хатай, спявалі,
танцавалі - ну і прыліпла назва.
Наталля Лабынцава
Быў адзін смешны выпадак. Заседзеўся неяк
Аркадзь у свайго настаўніка матэматыкі Сцяпана Андрэевіча. Сядзелі, скрыпку
слухалі, размаўлялі - час і праляцеў. Выехалі яны з зяцем на машыне, а вакол
цемра, вуліц у мястэчку шмат - заблукалі, як тыя дзеці ў лесе. Пад’язджаюць да
нейкага моста, пытаюцца ў моладзі: "Хлопцы, мы дзе? " А тыя ў
адказ: "Дык на Куляшоўскім мосце!" Паэт толькі пасмяяўся: "Ну
вось, родныя Саматэвічы не хочуць мяне адпускаць".
Слухаць Наталлю Міхайлаўну можна бясконца -
здаецца, яе аповед напоўнены жывым дыханнем мінулага. Але ж карціць даведацца
таямніцу легендарнага верша "Бывай". Ці сапраўды за паэтычнымі
радкамі хаваецца рэальная гісторыя першага, балючага кахання паэта?
- Верш "Бывай" стаў не толькі
паэтычным здабыткам, а і сапраўдным шлягерам 1972 года ў выкананні "Песняроў",
які перажыў свой час, - расказвае Наталля Лабынцава. - Але мала хто ведае, як
нараджаліся гэтыя радкі. У далёкім 1928-м Аркадзю Куляшову было ўсяго
чатырнаццаць, калі ён напісаў іх. Прачытаў сястры - і тут жа спаліў рукапіс.
Здавалася б, кропка. Але праз колькі дзён ён вярнуўся да напісанага, нешта
выправіў, адшліфаваў… і нарадзіўся шэдэўр.
Пазней паэт папрасіў Ігара Лучанка
напісаць музыку да верша. Кампазітар пагадзіўся не адразу. "Бяруся толькі
таму, што маю жонку таксама завуць Алеся", - сказаў ён.
- Алеся Карыткіна была на год старэйшая за
Аркадзя, яны разам вучыліся ў Саматэвіцкай школе. Дзяўчына родам з суседняй
вёскі Князі, таму ўсе вакол называлі яе не інакш як князёўнай, - працягвае
Наталля Міхайлаўна. - У тыя гады інтэрнатаў не было, і вучням даводзілася
шукаць прытулак па хатах. У адным пакоі жылі пяцёра хлопцаў і адна дзяўчына -
Алеся. За імі прыглядала жанчына, якую паэт пазней называў "беспрытульнай
цёткай": яна гатавала дзецям ежу і дзяліла з імі нялёгкі побыт. Менавіта
тады, сярод сціплых вясковых будняў, Аркадзь упершыню па-сапраўднаму звярнуў
увагу на Алесю.
Але жыццё - штука складаная і часта
непрадказальная. Алеся з’ехала вучыцца ў Ленінград, выйшла замуж, стала
настаўніцай рускай мовы і літаратуры, жыла ў Роўна. Аднак ні адлегласць, ні
гады не разарвалі іх сувязі: яны працяглы час перапісваліся. Яна доўга не
здагадвалася пра пачуцці паэта, пакуль не пачала ўважліва ўчытвацца ў яго
вершы. Аркадзь дасылаў ёй свае творы на рэцэнзію, яна правіла іх і вяртала
назад - гэта быў іх асаблівы, толькі ім зразумелы дыялог.
Алеся і Аркадзь: паэзія развітання
- Ужо ў сталым узросце яны вырашылі
сустрэцца ў Быхаве. Алеся прыехала з унучкай, Аркадзь прыйшоў адзін, - трымае
інтрыгу дырэктар музея. - Ён глядзеў на яе і пазнаваў, але не падышоў. Перад ім
стаяла ўжо не тая юная смуглявая дзяўчына, якую ён назаўжды захаваў у сваім
сэрцы. Яны так і размінуліся, сказаўшы сваё "бывай" у думках. Час
прайшоў, каханне засталося толькі ў памяці…
Алеся прыязджала на пахаванне паэта, каб
аддаць апошнюю даніну павагі. А вось як склаўся яе лёс далей - гісторыя
маўчыць.
Цікава ведаць
Вольга Саўчанка, начальнік аддзела ЗАГС
Касцюковіцкага райвыканкама:
- З пачатку 2026 года наш аддзел і
сельвыканкамы раёна зарэгістравалі 72 нараджэнні: 40 дзяўчынак і 32 хлопчыкі.
Калі казаць пра папулярныя імёны, то сярод
мужскіх лідзіруюць Арцём, Аляксандр, Раман, Цімур і Мірон. Сустракаюцца і
рэдкія - Глеб, Ян, Савелій, Платон, Ібрагім. У дзяўчынак жа найбольш
запатрабаваны Варвара, Ганна, Аляксандра, Дар’я і Ева. (Усміхаецца.)
Атрымліваецца, што ідэальная касцюковіцкая пара сёлета - Варвара і Арцём.
Сярод рэдкіх жаночых імён у гэтым годзе
можна вылучыць такія, як Мія, Стэфанія, Эмілія, Афіна і Васіліса.
Прыемна адзначыць, што маладыя бацькі падыходзяць да выбару імён рацыянальна, прытрымліваюцца беларускіх і славянскіх традыцый. Гэта тэндэнцыя прасочваецца і ў вясельных абрадах: усе пары падчас рэгістрацыі шлюбу становяцца на ручнік - абярэг, што сімвалізуе вернасць і моцнае каханне. Заручальныя пярсцёнкі маладажоны кладуць на пшанічнае зерне, вырашчанае на нашай касцюковіцкай зямлі, - гэта сімвал дабрабыту. А яшчэ пары разам заплятаюць касу на ляльцы - на шчасце і згоду ў сям’і.
Вольга Саўчанка
Найлепшая тэрапія
Каго можна назваць захавальнікам народных
традыцый? На мой погляд, у Касцюковічах менавіта Валянціна Волкава такі
чалавек. Яна - кіраўнік народнай студыі "Спадчына", член Саюза
майстроў і народны майстар Беларусі. Жыццёвы шлях Валянціны Іванаўны - прыгожая
гісторыя пра тое, як карані, нават калі яны доўга спалі, абавязкова прарастуць.
- Займаюся ткацтвам амаль 19 гадоў, -
седзячы за станком у раённым Доме рамёстваў, расказвае Валянціна Іванаўна. -
Усё пачалося далёка ад Беларусі, дзе я ўбачыла майстар-клас па вырабе паясоў.
Гэта было як азарэнне. Хоць бабулю сваю, якая ткала, я не застала, але, відаць,
генетычная памяць прачнулася: маці вышывала, бацька плёў кошыкі, брат стаў
разьбяром па дрэве. Творчасць у нас у крыві.
Валянціна Волкава
Цікава, што Валянціна Іванаўна і не думала
звязваць жыццё з рамёствамі. Але лёс распарадзіўся інакш: запрашэнне брата
правесці майстар-клас у Глуску стала тым самым штуршком. А далей - праца над
сабой.
- Не люблю рабіць абы-як, - усміхаецца яна
з той самай іскрынкай у вачах, якая выдае ў ёй перфекцыяніста. - Таму ў 37
гадоў пайшла ва ўніверсітэт. Была самай старэйшай студэнткай на патоку, але
дакладна ведала: мне гэта трэба.
На пытанне, ці суадносіцца спакойнае
ткацтва з яе характарам, Валянціна Іванаўна шчыра смяецца:
- Я чалавек эмацыянальны, выбуховы! Але
ткацтва - мая найлепшая тэрапія. У аптэку не хаджу. Праўда, да станка трэба
садзіцца толькі з добрым настроем. Ён жа "жывы", б’ецца - калі
няўважлівы, сінякі гарантаваныя.
Яе галоўны скарб - старадаўні станок,
якому больш як 100 гадоў. Ён у майстра другі. А першы… Калі яна толькі
пачынала, дырэктар Дома рамёстваў проста паказаў на яго: "Рабі што хочаш,
абы справа ішла". Даводзілася спасцігаць навуку самастойна: адмяраць ніткі
лінейкай, вучыцца ў мясцовых ткачых, метадам спроб і памылак асвойваць гэту
складаную "механіку" душы.
Касцюковіцкае ткацтва мае сваё непаўторнае
аблічча. Валянціна Волкава паказвае ручнікі: вось старадаўнія, якім пад 90
гадоў, а вось яе ўласныя - з тонкім, адметным чорна-чырвоным арнаментам. І вось
цуд: бардовае адценне ствараюць выключна чорныя і чырвоныя ніткі.
- Нават у суседнім Крычаўскім раёне ўзоры
ўжо іншыя, - тлумачыць яна. - У кожнай нітцы - свой код, гісторыя.
Цікавіцца гэтым моладзь? Валянціна
Іванаўна прызнаецца: вучняў няшмат, але яна не губляе аптымізму.
- Калі дзеці прыходзяць на экскурсіі, у іх
вочы гараць. Гэтага дастаткова, каб зразумець: рамяство не знікне. Яно жыве,
пакуль ёсць каму перадаць.
Гляджу, як спрытна лётаюць яе пальцы, як
нітка за ніткай нараджаецца палатно, і разумею: Валянціна Волкава тчэ не
ручнік. Яна тчэ сувязь пакаленняў, дзе кожны "сіняк" ад станка -
даніна павагі да рамяства, якое не дазваляе ёй старэць душой.
- Ведаеце, - ціха дадае Валянціна
Іванаўна, калі бег пальцаў на хвілінку спыняецца, - калі я саджуся за працу,
час спыняецца. Ёсць толькі я, ніткі і гэтыя стагадовыя кросны, якія ўсё яшчэ
памятаюць рукі маіх продкаў.
У маленькім пакоі Касцюковіцкага Дома
рамёстваў няма мітусні. Тут пануе нейкая асаблівая цішыня, напоўненая рытмічным
стукам драўляных дэталяў. Наша спадчына жыве, дыхае і працягвае свой бясконцы
ўзор на палатне беларускага жыцця.
Смачна есці
Алеся Шаройка (аграгарадок Новыя
Саматэвічы):
- Драчона - хадавая традыцыйная страва ў
нашых мясцінах: хутка гатуецца і сытная. Гэты рэцэпт мне перадала мая бабуля
Ганна Дзмітрыеўна Шаройка з вёскі Саматэвічы. Умела яна "спрагчы яешню"
- здаецца, смачнейшай, чым у яе, я не ела.
Спачатку на патэльні невялікімі
кавалачкамі смажым сала, салёнае альбо свежае. Тлушчу атрымліваецца шмат, таму
не шкадуючы яго зліваем. Відэльцам альбо венчыкам узбіваем яйкі, уводзім
крышачку мукі, літаральна пару лыжак. Солім. Пры жаданні можна дадаць пёры
цыбулі альбо часныку. Зноў узбіваем да аднароднай масы. Выліваем сумесь на
патэльню, дзе сала смажылася, - і ў печку. Накрыць вечкам, калі бакі стануць "схоплівацца".
Неўзабаве драчона пачне надзімацца і падымацца ўверх - усё, яна гатовая! Страву
"крояць" на трохкутнікі. Пачынаць лепш з сярэдзіны - так смачней,
праверана!
"Будзем на руках насіць"
Пра каго гэта і аб чым? Я ўжо ведаю адказ,
а вось чытачам спачатку трэба пазнаёміцца з удзельніцамі вакальнага ансамбля "Сяброўкі"
з Сялецкаўскага сельскага Дома культуры. Гэта адзін з найлепшых фальклорных
калектываў у раёне і, бадай, найстарэйшы - не па ўзросце ўдзельніц, а па сваёй
багатай гісторыі. "Сяброўкі" з’явіліся яшчэ ў 1989 годзе і, перажыўшы
розныя часы, па-ранейшаму радуюць сваёй творчасцю і зайздроснай адданасцю
роднай культуры.
- Трымаемся адна адной, бо ўсе мы -
фанаткі песні, - усміхаецца дырэктар СДК і кіраўнік ансамбля "Сяброўкі"
Алена Карпачова. - Нас любоў да народнага аб’яднала так, што ўжо і жыць адна
без адной не можам. Сябруем і з песняй, і паміж сабой. Што пачуем - тое і
выконваем. За старажыламі нашымі ходзім, запісваем, развучваем іх песні, каб не
згубілася традыцыя.
- У народнай творчасці шмат сумнага. А ў
вас як? - цікаўлюся.
- Усялякага хапае, але вясёлых песень,
пэўна, больш, - смяецца Алена Міхайлаўна. - Людзі ж хочуць адпачыць, душой
павесяліцца.
- Бывае, думаеш: усё, кідаю рэпетыцыі,
стамілася, - дзеліцца Любоў Землякова, якая ў "Сяброўках" ужо 19
гадоў. - А дзяўчаты паклікалі - кінула хатнія справы і пабегла.
"Сяброўкі"
Жанчыны дружна смяюцца: кожная ведае гэта
пачуццё.
- Прыходзіш на рэпетыцыю - і душа спявае,
сэрца адпачывае, - дадае Ларыса Анціпенка. - Жыць хочацца! Не было б нашага
калектыву - жыццё было б не такім яркім.
- Раней у нас якія галасістыя жанкі былі! -
успамінае Вольга Азаранка, якая ў ансамблі з першага дня. - Шмат чаму нас
навучылі. Спявалі "з каленамі" - гэта такая складаная тэхніка, якая
не кожнаму дадзена. Усё жыццё ў іх праз песні праходзіла… А яшчэ мы танцуем!
Усякія беларускія бытавыя танцы.
- У раёне толькі мы гэтыя танцы і
захавалі, - падхоплівае Надзея Карпачова, былы дырэктар Сялецкаўскага СДК. – "Каханачка",
падэспань, "Сямёнаўна", кракавяк, "Зялёны гай"…
- Ой, як цікава! Ды пад гармонік - гэта ж
цуд! - не магу стрымаць эмоцый.
- Вось менавіта! - чамусьці ўздыхаюць
жанчыны і, перабіваючы адна адну, расказваюць: - Быў у нас цудоўны акампаніятар
Іван Лістраценка. І на баяне, і на гармоніку, і на балалайцы - усё мог. Але не
стала чалавека, і замяніць няма кім. А што мы без гарманіста? Пад фанаграму не
тое, ды і не ўмеем мы пад "штучную" музыку спяваць. Акапэльна можна,
але ж не ўсе песні так гучаць.
- Дык шукайце! - падказваю відавочнае
выйсце.
- Вось і напішыце ў часопісе: "Сяброўкі"
шукаюць гарманіста-баяніста! - тут жа знаходзіць рашэнне Вольга Ільінічна. - І
кватэру дамо, і ўсё будзе!
- Будзем на руках насіць! - рагочуць
жанчыны. - І "самадзельненькай" нальём, і накормім!
З гумарам "Сяброўкі"! І
таленавітыя - не толькі ў спевах. Напрыклад, Надзея Ягораўна і Вольга Ільінічна
разыгрываюць такія сцэнкі, што гледачы ад смеху за жываты хапаюцца.
- Напэўна, і пра касцюковіцкіх мужчын
частушкі спяваеце? - правакую я.
- Ды не, мы сваіх не чапаем! - адмахваецца
Раіса Шкробава, якая ў калектыве ўжо два дзясяткі гадоў. - Мужчын трэба
берагчы, мала іх засталося, ды і навошта крыўдзіць?
- Дзе мы толькі не былі! - падхоплівае
Любоў Іванаўна. - І ў Александрыі, і на "Дажынках", і ў Слаўгарадзе
на фестывалі. Гастралюем па ўсім раёне, асабліва на народныя святы - яны ў нас
заўсёды самабытныя, нідзе больш такога не ўбачыш.
Цяпер "Сяброўкі" рыхтуюцца
парадаваць сваёй творчасцю гасцей Дня беларускага пісьменства.
- Гэта вялікі гонар для нашага калектыву -
выступіць на такім грандыёзным мерапрыемстве, - прызнаецца Раіса Уладзіміраўна.
- Свята, якое патрэбна нам усім, - дадае
Алена Міхайлаўна. - Бо яно пра нашы вытокі, пра роднае слова і пра тое духоўнае
багацце, якое мы павінны перадаць дзецям.
Што тут скажаш?! Пакуль ёсць такія "Сяброўкі",
жыве і песня, і вёска, і душа беларуская. Засталося толькі знайсці таго самага
баяніста - і зноў на сцэну, да людзей!
Кампетэнтна
Наталля Асмалоўская, старшыня
Касцюковіцкага раённага выканаўчага камітэта:
- Чакаем галоўнае свята кнігі і роднага
слова з асаблівым хваляваннем і адказнасцю. Гэта падзея маштабу ўсёй Беларусі,
бо культура і традыцыі - той падмурак, на якім будуецца наша жыццё і будучыня
краіны.
Найперш важна гэта для моладзі: немагчыма
па-сапраўднаму любіць Радзіму, не ведаючы сваіх вытокаў. З гонарам ушануем
памяць творцаў, якія праславілі Касцюкоўшчыну. Толькі ўдумайцеся: наш раён -
адзіны ў Беларусі, які падарыў свету двух народных пісьменнікаў! Гэта неацэнная
спадчына, і захоўваць сувязь пакаленняў сёння важна як ніколі.
- Наталля Мікалаеўна, бачыў вашы новыя
прыпынкі - яны выглядаюць вельмі адметна…
- У горадзе ўсталявана пяць такіх
аб’ектаў, і я веру ў іх сілу. Калі чалавек чакае аўтобус ці мімаходзь чытае на
шкле радкі славутых пісьменнікаў-землякоў, то міжволі задумаецца пра роднае
слова і сваю малую радзіму, якая нараджае такія таленты.
- Вы на пасадзе старшыні менш як год.
Узначаліць раён перад маштабным рэспубліканскім святам - выклік ці падарунак
лёсу?
- Гэта перш за ўсё вялікая адказнасць.
Удзячна дзяржаве, Магілёўскаму аблвыканкаму за падтрымку: нам выдзелілі значныя
сродкі на добраўпарадкаванне. Спадзяюся, госці ацэняць пераўтварэнні. Вядома,
хацелася б зрабіць яшчэ больш, але старт, лічу, дастойны. Прыемна бачыць, з
якім энтузіязмам працуюць людзі: і мясцовыя жыхары, і працоўныя калектывы. Мы
разам наводзім прыгажосць, і гэта толькі пачатак - задумак яшчэ вельмі шмат.
Наша галоўная мэта ў пяцігодку якасці - стварыць камфортнае асяроддзе і
павысіць узровень жыцця людзей. Вялікія надзеі ўскладаем на Праграму развіцця
паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны, у якую ўключаны Касцюковіцкі раён. Яна
дае добры імпульс для руху наперад.
Усё, што будуем і рамантуем,
добраўпарадкуем, - для нашых дзяцей, для тых, хто тут жыве. Хочам, каб пасля
свята ў людзей засталося адчуванне гонару за свой дом. Каб яны выходзілі на
вуліцу і думалі: "Вось мой горад, ён прыгожы, і я хачу тут жыць".
Гэта і ёсць галоўная інвестыцыя.
Наталля Асмалоўская
- Што вы сказалі б тым, хто яшчэ
сумняваецца, ці варта ехаць у Касцюковічы на Дзень беларускага пісьменства?
- Прыязджайце не толькі паглядзець
канцэрты ці выставы. Прыязджайце адчуць душу нашага краю. Мы пакажам яго такім,
які ён ёсць насамрэч: шчырым, гасцінным, са сваім асаблівым характарам і
непаўторнай атмасферай. Чакаем усіх - будзе шумна і літаратурна, цёпла і
душэўна!
На пачатку было Слова
Айцец Сергій Падаляк, настаяцель прыхода
Свята-Крыжаўзвіжанскага храма:
- Мы часта гаворым пра культуру, кнігі,
гісторыю. Але ці задумваемся, што ў аснове ўсяго - духоўнасць? Бо "на
пачатку было Слова, і Слова было ў Бога". Гэтыя евангельскія радкі - ключ
да разумення нашага жыцця. Без духоўнага вымярэння, глыбіннага сэнсу, які мы
ўкладаем у свае справы, нічога трывалага пабудаваць немагчыма.
Паглядзіце на наш край, цудоўную Бесядзь. Гэта зямля, шчодрая не толькі на прыгажосць, але і на таленты - яна выпеставала столькі выдатных беларускіх пісьменнікаў! Але ці з’явіліся б яны, калі б не было тых самых духоўных вытокаў, якія жывілі іх душы? Мудрасць нашых продкаў і святло веры заўсёды асвятляюць наш шлях.
Няхай Дзень беларускага пісьменства стане для ўсіх нас напамінам: мы жывыя, пакуль памятаем свае карані, шануем Слова і ў нашых сем’ях пануе любоў.
Айцец Сергій Падаляк
Ксёндз Анджэй Далянскі, пробашч каталіцкай
парафіі Святой Троіцы:
- Не буду хаваць: калі даведаўся, што наш
край прымае Дзень беларускага пісьменства, адчуў гонар і радасць. Бо гэта свята
мае глыбокае значэнне, і справа тут не толькі ў шанаванні роднай мовы, але і ў
духоўным вымярэнні.
Нашы карані непарыўна звязаныя з постаццю
першадрукара Францыска Скарыны. Успомніце і пісьменнікаў - многія з іх былі
людзьмі глыбокай веры, сапраўднымі духоўнымі настаўнікамі. Гэта датычыцца і тых
таленавітых творцаў, якіх выгадавала касцюковіцкая зямля. Сёння для нас важна
не толькі ганарыцца імі, а наноў адкрываць для сябе іх духоўную спадчыну,
вучыцца ў іх мудрасці.
На жаль, людзі сталі менш чытаць. Таму ў касцёле мы таксама заклікаем вернікаў адкрываць свае сэрцы для паэзіі і добрай кнігі. Бо кніга - асаблівае багацце чалавечай душы, жывы шлях да духоўнасці. Спадзяюся, што гэтыя дні стануць духоўным уздымам для нашага краю, дадуць новы імпульс для роздуму і ўнутранага росту.
Ксёндз Анджэй Далянскі
P.
S.
Сонца пакідала на зямлі свае гарачыя адбіткі, але ў царкоўным двары Крыжаўзвіжанскага храма панавала ціхая прахалода. Айцец Сергій пачаставаў нас вадой з калодзежа – ледзяной, празрыстай, крынічна-чыстай, надзвычай смачнай. У гэтым смаку адчувалася нешта роднае, што кліча вярнуцца сюды зноў, калі Касцюковічы будуць сустракаць Дзень беларускага пісьменства.
- Прыязджайце на свята! - бласлаўляючы нас у дарогу, усміхнуўся айцец Сергій.
| Ігар Ганчарук, часопіс "Беларуская думка"; фота Яраслава Зарэцкага.

- размещаются материалы рекламно-информационного характера.