Арт и стиль
22 июля 2026, 18:45
«Мне нецікава проста жыць». Гэты беларус даследуе і рэстаўрыруе музычныя інструменты
Скриншот видео
Як звязаны нашы продкі, міфы Грэцыі і музычная культура Беларусі? Як можа пачацца музей музычных інструментаў? І які прадмет у ім будзе самым старажытным? Аб гэтым і не толькі ў праекце «Беларусы ў кадры» расказаў музыкант, этнограф, рэстаўратар музычных інструментаў Алесь Лось.
– Дзяцінства маё прайшло ў Мінску. Я па прафесіі мастак-графік, скончыў усё, што можна было – першая мастацкая школа Мінская, потым вучылішча Глебава і наш тэатральна-мастацкі інстытут. А другая мая прафесія – гэта этнаінструменталогія, я займаюся даследаваннем, пабудовай і гісторыяй інструментаў, якія гучалі на гэтых і не толькі землях. Даследую, што за кожным з інструментаў стаіць, якія гістарычныя, культурныя, сакральна-абрадавыя падзеі. Шмат чаго цікавага можна даведацца!
«Музыку ніколі не закідваў»
– Мне з дзяцінства вельмі падабалася народная музыка. Прычым розная. Нешта ў душы вібрыравала. Я пайшоў у музычны гурток у другім класе. Мне так падабалася! Тата купіў піяніна. У мяне дзве сястры, яны сур’ёзна вучыліся ў музычнай школе, а я – у гуртку. Але для мяне гэта была вельмі-вельмі цікавая пара.

У мяне сям’я была спяваючая. Мы вечарамі спявалі рамансы, бабуля хораша спявала народныя песні, мама іграла на гітары, тата таксама. Гэта ўсё паўплывала. Мама навучыла і мяне іграць на сяміструннай гітары, калі мне было сем гадоў. А потым яна сказала: «Будзеш мастаком. Давай, ідзі ў школу мастацкую». Я не вельмі супраціўляўся, таму што мне падабалася маляваць. Але музыку ніколі не закідваў.
Невялічкі музей
– Мы ў маім невялічкім музеі інструментаў рознага часу. Ён пачаўся, напэўна, калі я вывучаў Вілейшчыну, Смаргоншчыну, Крэўшчыну ў 80-я – пачатку 90-х гадоў. Вучыўся ў народным тэхнікуме іграць на цымбалах, скрыпцы і таму, як вырабляліся скрыпкі, бубны, барабаны, цымбалы. Гэта ўсё збіралася, збіралася, і ў выніку я вырашыў: калі ў мяне ёсць такая добрая хата, варта тут гэтыя інструменты мець і весці гаворку пра іх.

Першымі інструментамі сталі дуда, басет, скрыпка і двое цымбалаў. Гэта было 23 гады таму. Нешта зрабіў сам, бо не ўсе інструменты ў нас можна набыць. Адзін з самых старажытных інструментаў – дуда, якая мае вельмі цікавыя сувязі з элінскім, еўрапейскім светам. Гэту дуду я зрабіў даўнавата, па ўзоры мясцовага дудара з вёскі Верабкі.
«Гэта не давала мне спакою»
– Я шмат працаваў у Польшчы на тэму сакральнага жывапісу – займаўся інтэр’ерамі цэркваў, пісаў іканастасы. 9 іканастасаў я там зрабіў для 9 цэркваў як мастак. Паралельна займаўся музыкай, было шмат розных выездаў з музычнымі праектамі – Польшча, Літва, Германія, Францыя, Турцыя і Грэцыя. Успамінаю маршруты, па якіх ездзіў, і хто чуў нашу музыку, розную і беларускую, якую я іграў, – гэта доўгія дарожкі.

У мяне пачуццё такое, этнацэнтрысцкае… я прывязаны да зямлі, да сваіх продкаў і культуры. Мне нецікава проста зарабляць грошы і проста жыць, я ўпісаны ў кантэкст нейкай сваёй гісторыі, краявіду, пахаў, гукаў. І гэта не давала мне спакою, калі я выязджаў за мяжу. Былі вельмі добрыя прапановы на работу як мастаку і рэстаўратару па інструментах, але я нібы адчуваў, што гэта не маё. Я там проста засыхаў, мне станавілася сумна. Чалавек павінен быць прывязаны ўсё ж такі да радзімы, да роду свайго, да гэтай зямлі. І тады ёсць сэнс займацца творчасцю, а не скараць трукамі публіку.
Якія легенды ходзяць пра хутар, дзе Якуб Колас любіў праводзіць усе святы? Аб чым спяваюць старажытныя дуды і скрыпкі? І як сустрэчы з Караткевічам паўплывалі на лёс беларуса і любоў да роднай мовы? Глядзіце відэа БЕЛТА.
| Падрыхтавана па відэа БЕЛТА.
| Скрыншоты відэа.