Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Интеллект
25 марта 2026, 16:05

Таямніца Полацкага Фаўста і куфар казак: прапануем 5 цікавых кніг на вясну

@Pexels
@Pexels

Па нашай роднай зямлі ўпэўнена крочыць Год беларускай жанчыны. Ужо вясна, а з ёй – новыя надзеі і радасці. Што яшчэ прыемна, на паліцах кнігарняў з’яўляецца ўсё больш і больш цудоўных навінак. Хачу падзяліцца з вамі сваімі знаходкамі, расказаць пра тыя кнігі, якія мяне асабіста зачапілі і натхнілі.

«Разам! Вялікая Перамога! = Вместе! Великая Победа!» – сапраўдная візуальная хроніка, якая захавала памяць пра барацьбу савецкага народа супраць нацысцкіх захопнікаў на беларускай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Багата ілюстраваная кніга пагружае чытача ў страшныя рэаліі тых часоў, расказваючы пра гераізм і стойкасць звычайных салдат, чыя мужнасць набліжала доўгачаканы дзень Перамогі. Акрамя гістарычных фактаў, тут змешчаны лірычныя творы паэтаў, якія былі сведкамі і ўдзельнікамі падзей ваеннага ліхалецця.

Сярод тых, хто абараняў і вызваляў Беларусь, – вядомыя пісьменнікі Канстанцін Сіманаў, Аляксандр Твардоўскі, Аляксей Суркоў, Яўген Вераб’ёў, Анатоль Ананьеў. Іх словы, як і радкі рускага паэта Барыса Блантэра, які добраахвотна пайшоў на фронт адразу пасля школы і прайшоў праз усе жахі вайны, адлюстроўваюць незвычайную сілу духу: «Выжыла нас толькі тры працэнты: / тры салдаты з кожных ста. / У шынель адзетыя легенды <…> Мы прайшлі праз зубаград густы шрапнелі, / праз агонь пякельны і праз смерць… / Як мы выжылі, / як ацалелі, / гэта / немагчыма / зразумець».

Шматлікія старонкі кнігі расказваюць пра лёсы абаронцаў Брэсцкай крэпасці, беларускіх партызан розных нацыянальнасцей: калмыка Міхаіла Хонінава, татарына Закі Нуры, казаха Адзія Шарыпава, а таксама военачальнікаў і радавых чырвонаармейцаў, якія вызвалялі Беларусь. Асаблівае хваляванне выклікаюць успаміны пра гераічную абарону Магілёва на Буйніцкім полі і пра камандзіра 388-га стралковага палка Сямёна Фёдаравіча Куцепава.

Выданне – сапраўдная мастацка-дакументальная біяграфія дружбы і гераізму. Яно нагадвае нашчадкам пераможцаў і ўсяму свету, што націск фашысцкіх захопнікаў быў вытрыманы дзякуючы адзінству і агульнай мэце. Лічу, што гэта кніга, выдадзеная пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі масавым тыражом у 5000 экзэмпляраў, павінна абавязкова быць у кожнай школе, навучальнай установе і бібліятэцы краіны.

З нагоды 135-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, якое Беларусь будзе адзначаць у снежні, выйшла ў свет новая кніга яго твораў пад назвай «Паэзія». Зборнік запрашае чытача паглыбіцца ў свет таленавітай паэзіі і адкрыць для сябе шчырыя думкі і пачуцці выдатнага творцы.

Акрамя выбраных вершаў, у кнігу ўвайшлі фрагменты празаічнай спадчыны Максіма Багдановіча. Гэта выданне дазволіць кожнаму чытачу адчуць асалоду ад пранікнёнага слова аўтара і ўсвядоміць сваю сувязь з роднай культурай. Важна не спяшацца, а павольна гартаць старонкі, адкрываючы для сябе паэзію вялікага майстра, асэнсоўваючы глыбіню яго думак і слоў. Нават болей як праз стагоддзе вершы Максіма Багдановіча працягваюць зачароўваць.

Празаіка, паэта і публіцыста Людмілу Рублеўскую цікаўнаму чытачу наўрад ці трэба прадстаўляць. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, яна з’яўляецца аўтарам многіх гістарычных раманаў і аповесцей. Яе творы перакладзены на рускую і іншыя мовы народаў свету. Новая кніга «Запавет Фаўста», у якую ўвайшлі аднайменны раман і аповесць «Дыханне попелу», захоплівае ўвагу чытача ўжо з першых старонак.

Адной з ключавых тэм рамана з'яўляецца адказнасць навукоўца ці вынаходніка за свае адкрыцці і іх наступствы, якія часам могуць быць згубнымі для ўсяго чалавецтва. Таямніца Полацкага Фаўста, звязаная з сакрэтам алхімічнага золата, прывяла да гібелі многіх людзей. Магчыма, і сённяшнія фаўсты, якія, у адрозненне ад герояў рамана, не маюць маральных абмежаванняў, спрычыніліся да катастроф нашага часу. «Запавет Фаўста» становіцца не толькі гістарычным раманам, а своеасаблівым люстэркам, у якім адлюстроўваюцца вечныя праблемы чалавечага быцця.

Ужо даўно літаратары звяртаюцца да народных казак, надаючы ім новае гучанне. Гэта распаўсюджаная практыка як у сусветнай, так і ў беларускай літаратуры.

Сёння хачу расказаць пра Андрэя Дарожкіна, бібліятэкара з Гродна. Ён аўтар шматлікіх навуковых прац, прысвечаных беларускай культуры. Акрамя таго, Андрэй піша вершы і апавяданні. Нядаўна часопіс «Нёман» апублікаваў яго кінааповесць, якая зацікавіла чытачоў сваёй незвычайнай тэмай: «Дзе бачыў зоркі Багдановіч? Ці лятаў па небу Шагал?»

І вось выйшла першая самастойная кніга Андрэя Дарожкіна – «Куфар патрэбных казак». Зборнік змяшчае чатыры арыгінальныя гісторыі. Яны напісаны ў стылі народных казак. Аўтар ставіць перад сабой важныя задачы: захаваць духоўныя каштоўнасці беларусаў, прапагандаваць здаровы лад жыцця, дапамагчы маладым чытачам стаць гарманічнымі асобамі і прапанаваць ім прыдатныя мадэлі паводзін у сучасным свеце.

Рэкамендую кнігу не толькі юным чытачам, але і настаўнікам, педагогам, якія працуюць у сферы дадатковай адукацыі.

Цікавая кніжка тэатразнаўцы, празаіка і публіцыста Алены Мальчэўскай «10 пытанняў пра тэатр» стала часткай маштабнага праекта «100 пытанняў пра Беларусь». Гэта сапраўднае падарожжа ў чароўны тэатральны свет.

Чаму ж людзі так любяць тэатр? Што хаваецца за кулісамі, у «кішэні» сцэны? Хто з актрыс упісаў сваё імя залатымі літарамі ў гісторыю беларускага тэатра? Алена Мальчэўская дае вычарпальныя адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні.

Але кніга не толькі пра тэорыю. Аўтарка прапануе чытачам заданні, выконваючы якія, можна не толькі паставіць невялікі спектакль, але і значна пашырыць свае веды і стаць больш дасведчаным гледачом. Кніга Алены Мальчэўскай «10 пытанняў пра тэатр» – цудоўная магчымасць пазнаёміцца з тэатрам зблізку, зразумець яго прыгажосць і глыбіню, адкрыць для сябе новыя грані гэтага непаўторнага мастацтва.

Варта адзначыць, што серыя «10 пытанняў» ужо падарыла шэраг цікавых кніг для малодшых школьнікаў: «10 пытанняў пра беларускія гарады і вёскі», «10 пытанняў пра беларускія рэкі і азёры», «10 пытанняў пра звяроў», «10 пытанняў пра расліны» і «10 пытанняў пра птушак». Сярод аўтараў гэтых пазнавальных кніг – Алесь Бадак і Вольга Рацэвіч.


| Алесь Карлюкевіч для часопіса «Беларуская думка».


ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА


«Пачынаецца ўсё з любві». На якія кніжныя навінкі варта звярнуць увагу?

Шчыра і рамантычна: разважаем пра новы раман-эсэ Навума Гальпяровіча «Чырвоны мост»

Хочаце даведацца пра беларускае радыё ці падарожжы пісьменнікаў? Вось што варта пачытаць

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
https://beltaplus.by/ru/intelligence-ru/view/tajamnitsa-polatskaga-fausta-i-kufar-kazak-prapanuem-5-tsikavyx-knig-na-vjasnu-17897-2026/
БелТА плюс - специальное приложение, 2020
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
 - размещаются материалы рекламно-информационного характера.