@Pexels
У выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга «Чырвоны мост» вядомага беларускага пісьменніка, журналіста, вядучага радыё- і тэлепраектаў «Дыялогі пра культуру», «Суразмоўцы», дзеяча культуры Навума Гальпяровіча.
Метафарычнае аўтарскае вызначэнне мастацкага ўзору – раман-эсэ, што для знаўцы творчасці Навума Якаўлевіча на першы погляд можа падацца крыху адыёзна, бо пад адной вокладкай сабраны творы розных гадоў. Гэта тэксты эпічных і лірычных форм: аповесці, апавяданні, вершы. Прыгадаем, што ў беларускай літаратуры мяжы ХХ–ХХІ стагоддзяў прасочваецца тэндэнцыя, якая адпавядае аднаму з сусветных літаратурных трэндаў, калі празаікі-раманісты замацоўваюць за сваімі творамі разнастайныя метафарычна-іранічныя вызначэнні жанру. І гэты жанравы калейдаскоп даволі разнастайны: раман штрыхамі («Юргон» Анатоля Казлова), раман у апавяданнях («Зубрэвіцкая сага» Янкі Сіпакова), раман-інструкцыя («Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» Людмілы Рублеўскай), раман-рэканструкцыя славянскай міфалогіі («Кола Сварога» Зінаіды Дудзюк), раман-споведзь («Пісьмо ў рай» Алеся Савіцкага). Пра жанравае абнаўленне, а таксама пра асаблівую ўвагу творцаў да жанру рамана і яго мадыфікацый сведчыць вядомы беларускі літаратуразнавец Ірына Скарапанава: «Нярэдка аўтары-постмадэрністы даюць сваім творам падзагалоўкі, якія з’яўляюцца менавіта жанравымі абазначэннямі. Гэта раман-каментарый, раман-кліп, раман-эсэ, раман-падарожжа, канспект ненапісанага рамана, падвойны раман, рэканструкцыя рамана, раман-п’еса, урывак з рамана».Але ж вернемся да разгляду асаблівасцей рамана-эсэ. Сярод беларускіх аўтараў да такога абазначэння мастацкіх тэкстаў звярталіся Алег Лойка, Андрэй Федарэнка. У эпічных творах Алега Антонавіча пра выбітных прадстаўнікоў беларускай слоўнай спадчыны – Францыска Скарыну, Янку Купалу, Уладзіміра Караткевіча – трапна спалучаюцца дакументальныя факты (дарэчы, грунтоўная асаблівасць публіцыстыкі) і мастацкі вымысел. Гэта творы «Як агонь, як вада», «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае», «Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі». У творчасці Андрэя Федарэнкі гэта жанравая форма абазначана ў дачыненні да твора «Мяжа». На гэтыя традыцыі скіроўвае ўвагу Навум Гальпяровіч. Раман-эсэ даследчыкі літаратуры адносяць да мастацка-дакументальнай прозы. Эсэісцкі пачатак прадугледжвае свабодную манеру выкладу, філасафічнасць, спалучэнне сэнсавай выразнасці і стылістычнай вытанчанасці. Мастакі слова, у чыёй творчай скарбніцы прысутнічае раман-эсэ, звяртаюцца да мемуарнага стылю.
Новая кніга Навума Гальпяровіча «Чырвоны мост» складаецца з трох частак. Прыватная гісторыя, расказаная ў першай частцы ў аповесцях «Горад», «Чырвоны мост», «Дзе хлопчык той…», «Вось і я…», дапоўнена творамі малых эпічных форм другога раздзела кнігі, у якіх шмат увагі нададзена партрэтным замалёўкам, мастацкім дэталям, філасофскім разважанням, што часам маюць і спавядальную інтанацыю, і добры гумар, і сатыру. Літаратурны герой аўтабіяграфічнай прозы пісьменніка – герой-рамантык, шчыра ўлюбёны ў родную полацкую прастору, творчая асоба, загартаваная жыццёвымі выпрабаваннямі, патрыёт, які дбайна адносіцца да беларускай гісторыі, да захавання традыцыйных каштоўнасцей. Трэцяя частка кнігі – нізка вершаў, якая, як і ў знакамітым творы Б. Пастэрнака, быццам закальцоўвае тэмы, вобразы, ідэі празаічных твораў мастака слова. Адным з самых цікавых твораў у вершаванай спадчыне паэта з’яўляецца «Мой Полацк – мой Ерусалім», у якім праяўляецца сапраўдная грамадзянска-патрыятычная сутнасць паэзіі Гальпяровіча, падкрэсліваецца сакральная каштоўнасць Бацькаўшчыны. У вершы адлюстравана шчырая адданасць і духоўная еднасць лірычнага героя з роднай зямлёй. Філасофскія разважанні, спавядальныя ноты адчувальны ў вершах «Лістапад – гэта месяц такі…», «Я вучань. Птушкі пішуць мне…». Матыўная прастора і вобразны спектр лірычных твораў Н. Гальпяровіча даволі разнастайныя, аб’екты паэтычнай увагі – горад, гісторыя, каханне, прырода, радзіма. Эпічныя і лірычныя тэксты складаюцца ў адзінае мастацкае палатно, мо таму даволі арганічна выглядае падзагаловак «раман-эсэ» да выдання «Чырвоны мост».Своеасаблівай фолкнераўскай йокнапатофай творцы з’яўляецца беларускі горад Полацк савецкага часу, літаратурныя персанажы – прадстаўнікі розных сацыяльных груп. Гэта полацкія мальцы Касівус, Дзядзька Том і Навум, для якіх сяброўства назаўсёды засталося як «шчаслівае і светлае адчуванне еднасці, рамантыкі, вернасці і спагады, мудрасці і мужнасці». Гэта звычайная савецкая сям’я, якая жыве на гарадской ускраіне, што мае назву Пітомнік. Жыве сваім напоўненым паўсядзённымі клопатамі і радасцямі жыццём, адчуваючы арганічную еднасць з «вялікай шматмільённай сям’ёй» неабсяжнай савецкай краіны. Гэта палачане і жыхары іншых населеных пунктаў. У празаічных творах Гальпяровіча прадстаўлены даволі шырокі сацыяльны пласт – гэта вобразы педагога, школьніка-падлетка, мастака-афарміцеля, грузчыка, літработніка, футбаліста, чыноўніка. У прэзентаваным шматабліччы персанажаў гарадская прастора іх кансалідуе, у творах не аднойчы акцэнтуецца ўвага на тое, што палачане маюць шмат агульных любімых месцаў. Гэта высокая выспа над Дзвіной, дзе высіцца Сафійскі сабор, бераг Палаты, гарадскі рынак і лазня, станцыя Грамы і, вядома, Чырвоны мост.
Сімвалічная назва новай кнігі Навума Гальпяровіча сугучная загалоўку адной з аповесцей – «Чырвоны мост». У творы не толькі расказваецца пра гісторыю Чырвонага моста, яго ролю ў жыцці гараджан, але і выказана думка пра тое, што ў кожнага чалавека ёсць гэты чырвоны мост, сімволіка якога шматаспектная. Як месца сілы, як жыццёвы шлях, як штосьці сакральнае, роднае, важнае.
| Любоў ДУКТАВА, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стагоддзяў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
| Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

- размещаются материалы рекламно-информационного характера.