@Pexels
У чарговым выпуску нашага кніжнага агляду я рады прэзентаваць сапраўды выдатныя навінкі. Гэтыя кнігі зусім нядаўна пабачылі свет, але паспелі ўжо знайсці сваіх прыхільнікаў і атрымаць станоўчыя водгукі. Упэўнены, што кожны з вас знойдзе сярод іх нешта асаблівае, што зачаруе, натхніць і падорыць незабыўныя эмоцыі.
Ёсць аўтары, чые творы заўсёды чакаеш з асаблівым нецярпеннем. Якаў Аляксейчык – адзін з такіх. Яго кнігі – сапраўдныя падарожжы ў часе, якія дапамагаюць нам скласці праўдзівы, дакументальны партрэт нашай краіны. Вядомы публіцыст і журналіст не баіцца закранаць самыя нечаканыя аспекты гісторыі, звязваючы мінулае з сучаснасцю.Новая праца Якава Аляксейчыка – дакументальны нарыс «Долгий путь к большому дому». Што ж хаваецца за гэтай інтрыгуючай назвай? Аўтар запрашае нас у падарожжа ў часе, каб раскрыць таямніцы ўзвядзення аднаго з самых знакавых будынкаў Мінска – Дома ўрада.
…22 чэрвеня 1925 года. Дзяржплан БССР праводзіць распарадчае пасяджэнне, і ў пратаколе № 10 з’яўляецца першы афіцыйны запіс аб неабходнасці «будынка для вышэйшых дзяржаўных устаноў БССР». Гэта быў толькі пачатак доўгага шляху. Праз пяць гадоў, у 1930-м, стартавала будаўніцтва, а ўжо ў лістападзе 1933-га абвясцілі аб завяршэнні ўзвядзення гэтага грандыёзнага комплексу.Мы даведаемся не толькі пра гісторыю будынка, але і пра лёсы яго стваральнікаў, пра людзей, якія ўклалі сваю душу і працу ў гэты праект. Адчуем дух той эпохі, калі ён нараджаўся.
Яшчэ адна кніга, якая не можа не зачапіць, – зборнік выбраных твораў Міхася Башлакова пад назвай «Радзіму зберажы». Вядомы паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі працуе ў літаратуры ўжо больш як паўвека. Яго вершы – гэта сапраўдная шчырасць, грамадзянская пазіцыя і глыбокая лірыка. Яны нагадваюць пра тыя часы, калі паэзія мела асаблівую вагу, калі творчасць Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Аляксея Пысіна, Анатоля Вялюгіна і іншых фарміравала нашу свядомасць і нашы мастацкія густы.
Башлакоўскія радкі пра Радзіму – адчуванне, якое пранікае глыбока ў душу:Радзіму зберажы…
Калі ёсць, то назаўжды:
Не знікне,
Не растане шызым дымам.
Яна для нас –
Нібы глыток вады
Для зморанага смагай
Пілігрыма…
Радзіма…
Гэта светлая любоў
Да родных гоняў
За бялюткім гаем.
Яна, як крык
Самотных журавоў,
Што аж да слёз
Да самых працінае…
Вы калі-небудзь задумваліся, як нараджаецца сапраўдная літаратура? Як адрозніць шчырасць ад імітацыі, глыбіню ад павярхоўнасці? Паэт, публіцыст і крытык Дзмітрый Радзівончык, які літаральна жыве мастацкім словам, прапануе свой адказ у кнізе «Масты і берагі. Нарэшце я зразумеў, як гэта працуе…». Ён нібы дбайны садоўнік аглядае шырокія абсягі сучаснай беларускай літаратуры, чытае дзясяткі кніг і шчыра, часам крытычна, але заўсёды з павагай, вядзе гаворку пра творчыя здзяйсненні калег. Асаблівая ўвага – гродзенскім літаратарам, што жывуць у краі, які заўсёды славіўся цікавымі мастацкімі з’явамі.На мой погляд, гэта кніга – неблагі вучэбны дапаможнік для тых, хто толькі пачынае свой літаратурны шлях. Даведайцеся, як гэта працуе, на прыкладах творчасці Андрэя Дарожкіна, Ірыны Данік, Людмілы Кебіч і многіх іншых таленавітых аўтараў Гродзеншчыны.
Часам здаецца, што некаторыя яркія імёны на небасхіле нашай гісторыі паступова згасаюць у тумане часу, забытыя і непрыкметныя. І калі той ці іншы аўтар звяртаецца да гэтых асоб, гэта як сонечныя прамяні, у якіх пачынаем бачыць, наколькі вялікі іх уклад у тое, што мы маем сёння. Кніга Людмілы Хмяльніцкай «Міхал Кусцінскі. Археолаг і краязнаўца з Лепельшчыны» якраз з такіх выданняў.
Гаворка ідзе пра чалавека, які ўсё сваё жыццё прысвяціў даследаванню аднаго, на мой погляд, унікальнага кутка Віцебшчыны. Міхал Францавіч Кусцінскі, які жыў у маёнтку Завідзічы, быў не толькі археолагам і краязнаўцам, але і гісторыкам і фатографам, які з неверагоднай дбайнасцю збіраў і захоўваў гісторыю роднага краю. У сярэдзіне XIX стагоддзя, калі фатаграфія была яшчэ ў зародку, ён ужо стварыў у сваім доме прыватны музей і пачаў фіксаваць рэчаіснасць на фотаплёнку. Гэтыя здымкі, этнаграфічныя і краязнаўчыя, захаваліся да нашых дзён і ўвайшлі ў кнігу Людмілы Хмяльніцкай. А яшчэ Міхал Кусцінскі падтрымліваў сувязі з навуковымі коламі не толькі ў Расіі, але і за мяжой. Адзін з раздзелаў кнігі называецца «Годна правесці жыццё ў ролі вясковага гаспадара і грамадзяніна…». Гэта, на мой погляд, цудоўны напамін нам, сучаснікам, пра тое, як важна любіць і шанаваць сваю зямлю.Яшчэ адна кніга, якая мяне прыемна здзівіла, – зборнік «Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў». На першы погляд, усяго тры вершы: «Я люблю» Купалы, «Родныя вобразы» Коласа і «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…» Багдановіча. Але кожны з іх пададзены не толькі ў арыгінале, але і на азербайджанскай, армянскай, казахскай, кыргызскай, малдаўскай, рускай, таджыкскай, туркменскай, узбекскай мовах. Вершы, якія напісаны больш як сто гадоў таму, гучаць так мілагучна і свежа, што чытанне прыносіць асаблівую асалоду і выклікае шчымлівыя пачуцці захаплення мастацкім словам.
Можна сказаць, гэта выданне – сімвал літаратурнай дыпламатыі, якая стварае сувязі паміж народамі СНД. У кнізе сабраны пераклады, якія зрабілі таленавітыя літаратары з розных краін, што сведчыць аб міжнародным прызнанні беларускай паэзіі. Акрамя таго, кожны верш упрыгожаны выдатнымі рэпрадукцыямі партрэтаў нашых класікаў, створаных вядомымі беларускімі мастакамі, такімі як Міхаіл Савіцкі, Георгій Паплаўскі, Юрый Хілько, Раіса Кудрэвіч, Леанід Шчамялёў і іншыя. Гарманічнае спалучэнне паэзіі і выяўленчага мастацтва робіць кнігу сапраўды ўражлівай і каштоўнай.| Алесь Карлюкевіч для часопіса «Беларуская думка».

- размещаются материалы рекламно-информационного характера.