@Pexels
Лета, як той самы сябар, што заўсёды ведае, як выцягнуць з руціны, паклікаў нас усіх адпачыць. І вось тут узнікае пытанне: ці не застануцца кнігі на паліцах да наступнага сезону? Каб такое не здарылася, спрабуем знайсці для кожнага з вас тую самую, патрэбную і неверагодна цікавую, кніжную навінку. Тую, што не дасць сумаваць, адкрые новыя гарызонты.
Як, напрыклад, фотаальбом Анатоля Клешчука «Святыя азёры» – сапраўдны білет у падарожжа па роднай краіне. Хоць тэксту тут няшмат, кожны здымак – гісторыя, кожны кадр – запрашэнне адкрыць для сябе нешта новае.Вядомы фотамастак Анатоль Кляшчук, на жаль, ужо не з намі, але яго спадчына жыве. Апошні праект майстра – пошук і фіксацыя святых азёр Беларусі. З пачатку 2000-х ён аддаваў свае сілы і час, каб знайсці гэтыя цудоўныя водныя аб’екты. Ад энцыклапедый да інтэрнэту, ад архіўных матэрыялаў да асабістых сустрэч – усё дзеля таго, каб захаваць прыгажосць і ўнікальнасць кожнага возера.
Анатоль Кляшчук падзяліў азёры на некалькі катэгорый: тыя, што маюць афіцыйную назву «Святое», азёры з народнымі назвамі, і тыя, у якіх прысутнічае корань «свят» (Свяцец, Свяцкае, Засвяцкае…). Ён з болем адзначаў, што тры з іх страчаны назаўжды, ператвораны чалавекам у сухія балоты. Але большасць зафіксавана, унесена ў Рэестр водных аб’ектаў Рэспублікі Беларусь, а некаторыя сталі заказнікамі і ахоўваюцца дзяржавай.Святыя азёры – частка нашай прыроды, гісторыі. Яны натхнялі Анатоля шукаць незвычайныя ракурсы, адлюстроўваць іх прыгажосць у розных умовах надвор’я. Адкрыйце гэты фотальбом – і вы адправіцеся ў незабыўнае падарожжа па Беларусі, напоўненае прыгажосцю і новымі ўражаннямі.
Кніга вядомай у Беларусі і Расіі журналісткі і пісьменніцы Ларысы Кучаравай «Кабулиада. Спецназ в Афганистане» – глыбокае пагружэнне ў жыццёвыя гісторыі людзей, чые лёсы неадрыўна звязаны з афганскай вайной. Аўтарка сабрала разважанні і ўспаміны афіцэраў ваеннай разведкі, байцоў спецназа і легендарнага «мусбата».
У аснове нарысаў – не толькі апісанне падзей, а і шчырая, часам жорсткая праўда пра вайну. Афганістан з яго бясконцымі канфліктамі і геапалітычнымі гульнямі вялікіх дзяржаў быў для герояў кнігі, як і для тысяч іншых вайскоўцаў, галоўным выпрабаваннем, што вызначыла іх далейшы шлях. Менавіта там, у суровых умовах, яны сталі сапраўднымі прафесіяналамі, сфарміравалі свае непахісныя прынцыпы і жыццёвыя арыенціры.Гэта спроба зразумець і асэнсаваць чалавечы фактар на вайне, паказаць, як суровыя выпрабаванні гартуюць характар і фарміруюць асобу. Кніга дазваляе зірнуць на афганскую вайну вачамі тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, хто бачыў яе знутры, з яе складанасцямі і трагедыямі.
«Жизнь и борьба Белостокского гетто» Сяргея Беркнера – вельмі асабісты і адначасова гістарычна значны твор. Аўтар – доктар філалагічных навук, прафесар Варонежскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта – удзельнік падпольнага супраціўлення, перажыў жахі Беластоцкага гета ў 1941–1943 гадах. Пасля яго шлях ляжаў у партызанскі атрад «Фаройс», які ўваходзіў у склад Беластоцкага (Гродзенскага) злучэння пад камандаваннем генерала Піліпа Капусты. Апошнія месяцы перад вызваленнем Беларусі Сяргей Беркнер разам з паплечнікамі змагаўся супраць акупантаў у партызанскай брыгадзе Мікалая Вайцяхоўскага.
І Капуста, і Вайцяхоўскі, і камандзір аднаго з атрадаў будучы пісьменнік Аляксей Карпюк, з якім Сяргей Самуілавіч пасябраваў на ўсё жыццё, – героі кнігі ўспамінаў на многіх яе старонках.Выданне адрозніваецца багатым фактаграфічным матэрыялам і ўважлівасцю да дэталей. Сяргей Беркнер па-майстэрску апісвае як гераічныя ўчынкі, так і штодзённы побыт людзей у нечалавечых умовах. Акрамя таго, кніга дазваляе чытачу пагрузіцца ў атмасферу Заходняй Беларусі напярэдадні 1939 года. Асабліва кранальна апісаны моманты прыходу Чырвонай арміі, калі жыхары Беласточчыны і Гродзеншчыны сустракалі вызваліцеляў з непадробнай радасцю і шчырым узрушэннем.
Вядомы пісьменнік і журналіст Навум Гальпяровіч выносіць на чытацкі суд новую кнігу «Пад адным небам». Гэта своеасаблівы зборнік уражанняў ад творчых падарожжаў, глыбокае пагружэнне ў свет кітайскай культуры, літаратуры і паэзіі.
Асаблівае месца ў кнізе займае гісторыя знаёмства з легендарным кітайскім паэтам, каліграфам і перакладчыкам Гаа Манам. Сустрэча, якая адбылася ў Пекіне ў 2011 годзе, стала адным з важных момантаў, што падштурхнулі Н. Гальпяровіча да сістэмнай увагі да кітайскай паэзіі. Супрацоўніцтва з Гаа Манам, іншымі цікавымі асобамі з Паднябеснай адкрылі для аўтара новыя грані творчасці.У зборніку чытач знойдзе не толькі захапляльныя апісанні падарожжаў, але і пераклады вершаў вядомых кітайскіх паэтаў, такіх як Ду Фу, Ай Цын, Ван Гачжэнь, Су Шы, Сюй Чжыма, Вэнь Ідо, Сюаньюань Шыкэ. Большасць з гэтых пераўвасабленняў друкаваліся ў серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая», але ў новай кнізе яны быццам атрымліваюць другое жыццё.
Цікавая гісторыя сяброўства Гаа Мана з класікам беларускай літаратуры Максімам Танкам. Як расказвае ў сваёй кнізе Н. Гальпяровіч, іх знаёмства адбылося ў 1957 годзе падчас візіту Максіма Танка ў Кітай. Гаа Ман суправаджаў беларускага паэта, і з таго часу яны шчыра пасябравалі. Максім Танк быў вельмі ўдзячны свайму сябру за пераклады яго твораў на кітайскую мову, якія выйшлі ў Пекіне ў 1958 годзе. Як усё ж цесна могуць пераплятацца культуры і якое важнае значэнне маюць людзі, якія звязваюць народы праз мастацтва.
Сярод кніжных навінак – зборнік Уладзіміра Мазго «Золак залаты». Ён уваходзіць у прэстыжную серыю «Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі», прапануе чытачу не толькі вершы, але і празаічныя мініяцюры, кожная з якіх – маленькая гісторыя, напоўненая глыбінёй і нечаканымі паваротамі.Серыя – праект Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, выходзіць адразу ў некалькіх дзяржаўных выдавецтвах. Яна падарыла нам творы такіх таленавітых аўтараў, як Наталля Голубева, Уладзімір Гаўрыловіч, Алеся Кузняцова, Віктар Шніп, а таксама дзіцячыя творы Міхася Пазнякова і Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Кожная кніга ў гэтай бібліятэчцы – своеасаблівы ключ да разумення багацця беларускай літаратуры.
«Золак залаты» дадае новую, непаўторную нотку ў гэту калекцыю. Магчыма таму, што за кожным радком, сказам хаваецца нешта большае, чым здаецца на першы погляд. Кніга здольна захапіць і пакінуць доўгі след у душы, прымусіўшы задумацца над тым, што бачым і адчуваем кожны дзень, але часта не звяртаем асаблівай увагі. Дык ці гатовы адкрыць для сябе штосьці новае?
| Алесь Карлюкевіч для часопіса «Беларуская думка».

- размещаются материалы рекламно-информационного характера.