Фото БЕЛТА
Топ-5 скарбаў, знойдзеных на беларускай зямлі па версіі эксперта Валерыя Шышанава.
• Брылёўскі – сапраўдная капсула часу эпохі вікінгаў! У 2003 годзе ў Нацыянальны гістарычны музей Беларусі трапіў унікальны комплекс: амаль тры сотні арабскіх срэбраных манет (дырхамаў), фрагменты шыйнай грыўні, франкскага мяча IX стагоддзя і набор гірак для ўзважвання срэбра.• Казьянкаўскі – рэкардсмен па колькасці манет! Яго знайшлі ў 1973 годзе каля вёскі Казьянкі Полацкага раёна: у бяросту былі загорнуты 7588 куфічных дырхемаў агульнай вагой каля 20 кг. Захоўваецца ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
• Мінскі – нечаканая знаходка ў цэнтры сталіцы! У 1988 годзе падчас пракладкі цеплатрасы на скрыжаванні вуліц Валадарскага і Гарадскі Вал экскаватар зачапіў срэбраны падсвечнік. Рабочыя спачатку прынялі яго за снарад. Аказалася, гэта быў скарб з 547 срэбраных прадметаў агульнай вагой 13 кг: манеты, медалі і посуд Расійскай імперыі канца XIX стагоддзя. Захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.
• Полацкі – залатое ззянне Сярэднявечча! У 1984 годзе падчас рэканструкцыі Ніжняга замка ў Полацку знайшлі шэсць прадметаў, фрагментаў заходнееўрапейскіх ювелірных упрыгажэнняў з золата. Знаходзяцца ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
• Пінскі – адзін з самых ранніх і загадкавых! У 1804 годзе ў Пінску былі знойдзены 20 залатых манет. Дванаццаць рускіх златнікаў і візантыйскіх солідаў перадалі ў Эрмітаж, а лёс астатніх, на жаль, невядомы. Цікава, што з 11 вядомых у свеце златнікаў шэсць менавіта з Пінскага скарбу.
| Сняжана Міхайлоўская, часопіс «Беларуская думка».
| Фота БЕЛТА.

- размещаются материалы рекламно-информационного характера.