Дом, у якім нарадзіўся Янка Купала. Фота з архіваў БЕЛТА
Імя славутага сына зямлі беларускай Янкі Купалы знаёма нам з дзяцінства. Мы вучым вершы народнага паэта ў школе, глядзім спектаклі па ягоных п’есах, слухаем песні, пакладзеныя на яго словы. Напэўна, многія і не раз бывалі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску, наведваліся ў філіялы ў рэгіёнах. У 140-ы дзень нараджэння нашага песняра разам з супрацоўнікамі музея распавядаем пра сем цікавых фактаў з яго жыцця, у якіх таксама свае даты.
Месца сілы
На тэрыторыі нашай краіны ёсць шмат мясцін, звязаных з Янкам Купалам. Найбольш вядомая з іх – Вязынка. Сёлета спаўняецца 50 гадоў таму, як гэтая вёска з’явілася на карце Беларусі. Калі сюды ў 1881 годзе прыехала сям’я Луцэвічаў, гэта быў маёнтак Вязынь. Яго галоўная сядзіба, а таксама вёскі Сяледчыкі, Гурнавічы і Верамейкі месціліся на берагах рэчкі Вязынка.
Бацькі паэта арэндавалі толькі частку маёнтка. Менавіта тут 7 ліпеня 1882 года, якраз на свята Купалле, нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч, будучы народны песняр. Гісторыкі сцвярджаюць, нібыта праз гэта супадзенне пісьменнік узяў сабе псеўданім – Янка Купала.
Усё пачынаецца з маці
Сёлета таксама спаўняецца 165 гадоў з дня нараджэння Бянігны-пявунні – так звалі матулю Янкі Купалы за яе меладычны голас. Бянігна Іванаўна была прыгожай жанчынай, па натуры спакойнай, ураўнаважанай і маўклівай. Ведала шмат казак, легенд і паданняў. Сёстры народнаго паэта Ганна, Леакадзія і Марыя ўзгадвалі, што знешне і па характары Купала быў падобны да маці, якую ён вельмі шанаваў. Апошнія гады Бянігна Луцэвіч жыла ў сям’і сына ў Мінску. Ёй Купала прысвяціў не адзіны свой верш, напрыклад, «Матцы» і «За што?..».
Памерла Бянігна Іванаўна праз два дні пасля сына – 30 чэрвеня 1942 года. У акупаваным Мінску яна не паспела даведацца пра трагедыю, якая адбылася ў Маскве з яе Янкам. Хіба што адчула бяду сваім матчыным сэрцам.
Пахавана Бянігна Луцэвіч на Вайсковых могілках у Мінску. На яе надмагіллі – цытата з верша сына «Мая навука».
«А хто там ідзе?» гучыць па-рознаму
Самы вядомы з першых гадоў творчасці верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?» перакладзены на 100 моў свету. У ліку першых да яго звярнуліся ўкраінцы, літоўцы, рускія, чэхі, палякі. На пачатак 1970-х гадоў налічвалася ўжо каля дзвюх дзясяткаў моў, на якіх гучалі радкі беларускага паэта: англійскай, армянскай, грузінскай, кітайскай, турэцкай, французскай, эстонскай. Пазней далучыліся майстры перакладу на іншыя мовы: арабскую, балгарскую, грэчаскую, іспанскую, італьянскую, карэйскую, нарвежскую, нямецкую, партугальскую, румынскую, хіндзі, японскую і шэраг іншых.
Тымі ж 1905-1907 гадамі датуецца верш «Чорныя вочы». Ён мае падобную структуру, але зусім іншы, лірычны змест. Кім была дзяўчына з чорнымі вачыма – загадка на ўсе часы…
У Вязынцы быў Караткевіч
Янка Купала з’яўляўся адным з любімых беларускіх паэтаў Уладзіміра Караткевіча. У сваім артыкуле «Пакуль гэта сэрца б’ецца» (1962 г.) ён адзначаў, что яшчэ ў раннім дзяцінстве быў вельмі зачараваны Купалавай паэзіяй. Згадваў уплыў Купалы на яго як творцу.
Летам 1952 года Уладзімір Караткевіч упершыню наведаў Вязынку. Аб гэтым сведчыць запіс у гасцявой кнізе: «Адсюль ён выйшаў яшчэ чалавекам, каб першаю зоркаю ўзысці на беларускім небе». Пад вялікім ураджаннем ад паездкі да родных мясцін Янкі Купалы Караткевіч напісаў нарыс «Вязынка», які разам з суправаджальным пісьмом даслаў жонцы паэта Уладзіславе Луцэвіч. Праз тры гады ён быў надрукаваны.
Ад прадзедаў спакон вякоў…
Сёлета адзначаем 100-годдзе чацьвёртага паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Спадчына». Гэта першая кніга паэта, надрукаваная ў Беларусі. Яе складаюць вершы, прысвечаныя Першай сусветнай вайне, жыццю беларускай вёскі, філасофскія санеты, лірычная творы, галоўная тэма якіх – каханне. Пачынаецца тэматычны зборнік з аднайменнага верша, створанага ў 1918 годзе, які стаў славутай песняй дзякуючы Уладзіміру Мулявіну, яго легендарнаму гурту «Песняры» і кампазітару Ігару Лучанку. Песня таксама гучала ў фільме «Час яе сыноў», знятым на кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёрам Віктарам Туравым у 1974 годзе.
«Шэўрале» для паэта
Цяжка ўявіць, што бліскучы і адпаліраваны аўтамабіль Chevrolet, які сёння з’яўляецца самым габарытным з рухомых экспанатаў Купалаўскага музея, быў выпушчаны 85 год таму – у 1937-м.
Тады аўтамабіляў Chevrolet GA Master DeLuxe сышло з канвеера крыху больш за дзве тысячы. Толькі адзін з іх трапіў у Беларусь і дастаўся менавіта Купалу. Трэба адзначыць, што сёння кошт гэтай машыны перавышае 100 тысяч еўра.
Найчасцейшым маршрутам аўто быў Мінск – Ляўкі, дзе паэт меў лецішча. Там цяпер створаны другі на Беларусі Купалаўскі мемарыяльны запаведнік.
Барытон Купалы
Класік беларускай літаратуры Янка Купала меў барытон. Пра гэта сведчаць запісы яго голасу ў 1934 годзе. Тады на Першым з’езде Саюза пісьменнікаў у Маскве ён сам чытаў свае вершы «Трэба нам песень» і «Песня будаўніцтву».
50 год прайшло з таго дня, як старэйшы філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы прыняў гасцей як Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», дзе ўпершыню адбылося Рэспубліканскае свята песні, паэзіі і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі». У гэтым годзе на мерапрыемстве, якое адбудзецца 9 ліпеня, збяруцца аматары творчасці паэта з розных куткоў нашай краіны і замежжа. Чакаецца выступленне ансамбля «Песняры».
| Марына ВАЛАХ, газета «Семь дней».
| Фота з архіваў БЕЛТА і з адкрытых інтэрнет-крыніц.
ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ

- размещаются материалы рекламно-информационного характера.