@Pexels
Пачатак лета напоўнены святлом і жыццём. Ён нібыта створаны для таго, каб мы маглі адкласці штодзённыя клопаты і адправіцца ў захапляючае падарожжа па друкаваных старонках. Кнігарні і бібліятэкі чакаюць, каб пазнаёміць з навінкамі, якія здольныя зачараваць, натхніць і падарыць нешта зусім новае вашаму чытацкаму светапогляду.
Убачыла свет кніга з вельмі лаканічнай, але такой ёмістай назвай – «Хатынь». Яе пакінуў нам у спадчыну Артур Зельскі – чалавек, чыё імя назаўжды ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю музейнай справы Беларусі.Здавалася б, што можа быць новага ў тым, што датычыць Хатыні? Але выдадзеная на трох мовах – беларускай, рускай і англійскай – кніга Артура Зельскага пранікае ў самую душу. Яна паказвае нам Хатынь з новага боку, раскрываючы не толькі трагічныя падзеі, але і глыбіню чалавечага болю, сілу духу і незгасальную памяць. Гэта глыбокае пагружэнне ў тэму, дзе кожны факт і штрых – частка вялікай, балючай гісторыі. І вядома ж, той асаблівы, эмацыянальны тон, які задаў сам Артур Зельскі. Ён уклаў у гэту кнігу сваё сэрца, бо захаванне і развіццё вядомага ва ўсім свеце мемарыяльнага комплексу было для яго справай жыцця.
У майскія дні, калі краіна адзначае Дзень Перамогі, словы з кнігі «Хатынь» гучаць асабліва моцна – як запавет усім людзям добрай волі.Вечны агонь як сімвал памяці гарыць у Хатыні ужо больш як пяцьдзясят гадоў. Яго полымя б’е праз разарваныя краты, нібы прарываючыся праз час і боль. Ён сагравае тры бярозы, што схіліліся ў журбе. Але замест чацвёртай – Вечны агонь. Кожны чацвёрты… Ці нават трэці…
І менавіта ў гэтым, у памяці пра тых, хто аддаў сваё жыццё за мірнае неба, у разуменні той страшнай цаны, якую заплаціла наша зямля, крыецца глыбіня сувязі паміж Хатынню і Днём Перамогі. Хатынь – сімвал усіх спаленых вёсак, загубленых жыццяў, усіх страт, якія прынесла вайна. А Дзень Перамогі – напамін пра тое, што мы здолелі перамагчы зло, але памяць пра тых, хто змагаўся і загінуў, павінна жыць вечна. І кніга Артура Зельскага дапамагае зразумець гэту сувязь, адчуць яе сэрцам. Бо памяць – гэта той вечны агонь, які не дазволіць нам забыць, што мір – найвялікшая каштоўнасць, за якую трэба змагацца і якую трэба берагчы.
Сярод найноўшых выданняў і раман Ганны Альхоўскай «(Не)родной». Аўтарка вядома не толькі як празаік, чые кнігі выходзяць у Беларусі і Расіі, але і як сцэнарыст. Яна доўгі час спалучала працу па інжынернай спецыяльнасці з літаратурнай творчасцю, але з часам адмовілася ад усяго, на яе погляд, лішняга і засяродзілася на мастацкім слове.Гэтым разам Ганна Альхоўская прапануе нам гісторыю, якая з першых радкоў намякае на дэтэктыўны сюжэт. Аднак за гэтай інтрыгай хаваецца глыбіня разважанняў пра жыццёвы выбар, мараль і духоўныя пошукі. У цэнтры – сям’я Кульчыцкіх, якая стаіць перад невыносным выбарам: аддаць перавагу ўласнаму дзіцяці, якому прырода з самага нараджэння прынесла няпростыя фізічныя выпрабаванні, ці прыняць сына карміліцы. Што адбываецца далей, калі лёсы немаўлят пераплятаюцца такім нечаканым чынам?
Ці здолее сям’я Кульчыцкіх пераадолець наступствы свайго рашэння? Ці змогуць яны знайсці шлях да прымірэння з самімі сабой і лёсам? Гэтыя пытанні застаюцца адкрытымі, пакідаючы чытача ў стане глыбокага разважання.
Нязменна радуюць навінкі дзіцячай літаратуры. Вось, напрыклад, Віктар Кажура – вядомы педагог і майстар слова – у сваёй новай, багата ілюстраванай кнізе «Ад дзеда і ўнукаў – дзеткам навука: народныя прыкметы ў вершах» працягвае размову пра скарбы роднай мовы. Разам з унукам Цімошкам і ўнучкай Ангелінкай ён запрашае дзяцей у падарожжа па свеце народных прыкмет, якія складаліся стагоддзямі. У наш час, калі тэхніка захоплівае ўсю ўвагу, важна не забываць пра мудрасць продкаў і ўменне назіраць за прыродай. Кніга дапаможа зразумець розныя знакі: ад паводзінаў жывёл да цвіцення чаромхі, і пакажа цэлы свет нечаканых адкрыццяў. Скажам, што азначае, калі сабака есць траву? Або як паводзіны пчол могуць прадказаць надвор’е? І хто ведае, магчыма, менавіта ў гэтых простых прыкметах хаваецца ключ да адказаў на складаныя пытанні жыцця.Кніжныя паліцы папоўніліся яшчэ адной навінкай, што вядзе нас у свет народнай мудрасці.
Юрась Пацюпа, звярнуўшыся да багатых фондаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, сабраў і апрацаваў цудоўныя беларускія народныя казкі.
У новай кнізе, што носіць загадкавую і меладычную назву «Ішоў Бай па сцяне…», – дваццаць шэсць гісторый. Яны як жывыя сведкі даўніх часоў расказваюць нам пра жывёл, птушак і фантастычных істот. Кожная казка – маленькі свет са сваімі законамі, логікай і непаўторнай прыгажосцю.Сам аўтар з усёй шчырасцю падкрэслівае, што народная творчасць – гэта не толькі прыемнае баўленне часу, але і глыбокая, неацэнная мудрасць. Яна як тонкая нітка, што пранізвае кожны твор, вучыць дзяцей праз гульню, захапляльныя прыгоды герояў. Казкі робяць дзяцей сапраўднымі сутворцамі, якія разам з персанажамі перажываюць іх радасці і нягоды, вучацца дабру і справядлівасці.
Юрась Пацюпа ставіў перад сабой задачу захаваць жывую мову беларускіх казак, іх непаўторную паэтыку, асаблівы рытм і меладычнасць. Аўтар імкнуўся, каб кожнае слова і вобраз заставаліся такімі ж яркімі і моцнымі, як і даўней. І трэба сказаць, што гэтая нялёгкая, але такая важная справа яму цалкам удалася. Кніга «Ішоў Бай па сцяне…» – сапраўднае свята беларускага слова, якое дазволіць нам зноў адкрыць для сябе багацце і прыгажосць нашай народнай спадчыны.
Аматараў выяўленчага мастацтва чакае сапраўднае адкрыццё – альбом «Валянцін Губараў». Гэта ўнікальная вандроўка ў свет, дзе кожная карціна – маленькая гісторыя, поўная жыцця і эмоцый. Героі палотнаў – не ідэалізаваныя фігуры, а людзі са сваімі слабасцямі і марамі, часам смешныя, недарэчныя, але заўсёды жывыя і непаўторныя. Мастак нібы спрабуе пражыць разам з імі кожны момант, перадаючы праз колер і форму іх унутраны свет. І тут адкрываецца нешта большае – у яго творчасці можна заўважыць адсылкі да старажытных культур, сакральных традыцый і нават рытуалаў, якія надаюць працам глыбокі постмадэрнісцкі сэнс. Гэта як інтэлектуальная гульня, дзе кожны можа знайсці свой ключ да разумення.| Алесь Карлюкевіч для часопіса «Беларуская думка».

- размещаются материалы рекламно-информационного характера.