@Pixabay
Колькі загадкавай і цнатлівай прыгажосці тояць у сабе нашы нацыянальныя паркі «Белавежская пушча», «Браслаўскія азёры», «Нарачанскі», «Прыпяцкі», запаведнікі Бярэзінскі біясферны і Палескі радыяцыйна-экалагічны. І добра, што ёсць людзі, дзякуючы якім можам адчуць прыроднае хараство ўсімі стрункамі душы, нават не пабываўшы ў гэтых мясцінах.
Творчай камандзе вядомага беларускага вучонага-арнітолага, кандыдата біялагічных навук, фатографа і рэжысёра-дакументаліста Ігара Бышнёва спатрэбілася дзесяць гадоў экспедыцый, каб стварыць цудоўную кнігу «Нацыянальныя паркі – жамчужыны Беларусі». Чытач знойдзе тут шмат цікавага з гісторыі асабліва ахоўных тэрыторый, да якіх адносяцца нацыянальныя паркі і запаведнікі, пазнаёміцца з іх разнастайным жывёльным і раслінным светам, многія прадстаўнікі якога занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. У выданні багата па-сапраўднаму ўнікальных фотаілюстрацый.
Апроч усяго, тут ёсць інфармацыя пра даступныя турыстам шматлікія маршруты, экскурсіі, экасцежкі, базы адпачынку, месцы рыбалкі і палявання ў нашых нацыянальных парках і запаведніках. Таго і глядзі, пабяжыш здымаць з антрэсолей запылены рукзак, каб неадкладна выправіцца ў найцікавейшае падарожжа. Напрыклад, па тэрыторыі балота Саўскі мох і пагорках ледніковага паходжання дзейнічае экстрэмальны маршрут «Людзі на балоце»…Часу што-небудзь пачытаць у такім падарожжы наўрад ці будзе, але захапіць якую-небудзь пазнавальную кніжку з сабой варта. Напрыклад, аматараў паэтычнай творчасці і ўвогуле айчыннай літаратуры можа зацікавіць кніга кандыдата філалагічных навук Ірыны Шматковай «Беларуская жаночая паэзія ХХ стагоддзя». Гэта не зборнік мастацкіх твораў, а навуковае даследаванне, якое раскрывае цэлы гісторыка-культурны пласт.
Хто з беларусак па-майстэрску валодаў паэтычным словам? Якія тэмы, стылі, жанры іх цікавілі? Перад намі галерэя з шаснаццаці слаўных імён – ад Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Канстанцыі Буйло да Людкі Сільновай і Ірыны Багдановіч.
Лёсы беларускіх паэтак часам незайздросныя, дзяцінства некаторых з іх апалена вайною.Мяне за жывое крануў лёс Еўдакіі Лось. Яна нарадзілася на Ушаччыне, у літаратуру прыйшла ў канцы 1950-х разам з Уладзімірам Караткевічам, Нілам Гілевічам, Васілём Зуёнкам і іншымі майстрамі мастацкага слова. Вайна забрала ў яе брата і бацьку. Напэўна, таму ў яе паэтычных творах шмат болю ад перажытага, гераічных вобразаў. Шмат пісала для дзяцей.
Паэтка вельмі рана, ва ўзросце 48 гадоў, пайшла з жыцця. Як наказ на ўсе часы ўспрымаюцца сёння радкі Еўдакіі Лось:
Я ж зраблюся такім сустрэчным,
Што харошае дорыць усім…
Чалавеку быць чалавечным,
Мне здаецца, няцяжка зусім!
Так, яна была слыннай паэтэсай свайго часу і пісала пра тое, што хвалявала яе равеснікаў. А што сучаснае пісьменніцкае пакаленне?
Адказ можа даць зборнік апавяданняў «Цень зоркі». У кнізе змешчаны выбраныя творы 25 маладых беларускіх празаікаў. Хапае тут усяго: і пра пачуцці-узаемаадносіны, і пра сучаснае-мінулае. Не абышлося без фантастыкі.
Апавяданне «На Яна» Кацярыны Назаравай цалкам пагрузіла мяне ў дзяцінства, у той час, калі бавіла канікулы ў бабулі, як і гераіні твора – сястрычкі «Тоня з Танюшкай», – бегала ў Купальскую ноч падзівіцца, як палае велічэзнае вогнішча. Праўда, тады абыходзілася без усякіх эксцэсаў, а ў апавяданні здарылася адна «недарэчнасць»… Але, відаць, на Купалле не магло быць іначай – свята ж чароўнае!Цікава, ці наканавана каму-небудзь з гэтай маладой 25-кі стаць класікам айчыннай літаратуры? Хто ведае.
І усё ж пра класікаў. Тут дзве навінкі.
Пачынаюць выдаваць збор твораў Івана Чыгрынава ў пяці тамах. Праект прымеркаваны да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. У кнігарні я знайшла першы том, ён змяшчае раманы «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві», у якіх расказваецца пра падзеі на ўсходзе Беларусі ў 1941 годзе. Арганічным іх працягам сталі раманы «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем». Гэта вядомая эпапея пра Вялікую Айчынную вайну.
На сур’ёзную мастацкую прозу Чыгрынаў адважыўся, як вядома, не адразу – спачатку пісаў вершы, апавяданні. Ды так, што зямляк пісьменніка, паэт Майсей Сяднёў, прызнаў: «У жанры апавядання я гатовы паставіць Івана Чыгрынава на першае месца. Залічыць яго да ліку нашых класікаў».Пра сваю творчую задуму і «Плач перапёлкі» пісьменнік некалі скажа: «Прыступаючы яшчэ да першага рамана, я быў гатовы сур’ёзна асэнсоўваць вайну». У гэты твор Чыгрынаў уклаў вельмі шмат з таго, што перажыў асабіста ці як сваё ўспрыняў ад блізкіх людзей. Раман «Плач перапёлкі» нездарма заслужана лічыцца адным з найлепшых у беларускай прозе.
У Нацыянальнай бібліятэцы да восені працуе выстава «Салдацкі лёс», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка БССР Васіля Быкава. Тут прадстаўлены выдадзеныя ў розны час кнігі майстра мастацкага слова, публіцыста, сцэнарыста, удзельніка Вялікай Айчыннай.
Вайна была галоўнай тэмай творчасці Быкава. Менавіта адтуль родам яго героі, якія вымушаны рабіць складаны маральны выбар у самых драматычных, нават антычалавечых абставінах. Быкаў пазбягаў пампезнасці і прыхарошвання. Ён пісаў пра тое, што жыццё – гэта велізарная каштоўнасць, але ці дастаткова проста выжыць? «Жураўліны крык», «Tpэцяя paкeтa», «Aбeлicк», «Круглянскі мост», «Дaжыць дa cвiтaння», «Boўчaя згpaя», «Ягo бaтaльён», «3нaк бяды», «Альпійская балада», «Сотнікаў» – гэтыя творы дапамагаюць чытачу праз многае прайсці разам з іх героямі, прымушаюць асэнсаваць, што ёсць здрада самому сабе і ў чым слушнасць і маральнасць таго ці іншага выбару.У кнігарнях краіны багаты выбар твораў пісьменніка. Нядаўняя навінка – кніга «Сотников. Обелиск». Абедзьве аповесці даўно сталі сусветнай класікай. Першая з іх – адзін з самых дасканалых і глыбокіх твораў ва ўсёй шматнацыянальнай савецкай літаратуры пра вайну. Паводле яе рэжысёр Ларыса Шапіцька зняла выдатны фільм «Восхождение», удастоены ў 1977 годзе найвышэйшай узнагароды Берлінскага кінафестывалю. Другая аповесць таксама не пра збітыя самалёты і падарваныя масты, а пра звычайнага сельскага настаўніка, але «сапраўднага чалавека». Чаму імёны такіх людзей абавязкова павінны быць на абелісках – можна яшчэ раз паразважаць на гэты конт, чытаючы быкаўскую аповесць.
| Вядучая рубрыкі Святлана ПРОТАС, часопіс «Беларуская думка».

- размещаются материалы рекламно-информационного характера.