Максім Танк выступае на свяце паэзіі, прысвечаным 105-годдзю Янкі Купалы. Фота Юрыя Паўлава
17 верасня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка. Глыбока сімвалічна, што гістарычнае аб’яднанне беларускага народа адбылося якраз у дзень нараджэння нашага вялікага паэта. Гутарым з кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры гісторыі беларускай літаратуры Ірынай Шматковай аб тым, як бы ўспрыняў Максім Танк гэтую падзею і якiм яго запомнілі землякі.
– Сапраўды, бываюць у жыцці невытлумачальныя супадзенні. Да прыкладу, дата нараджэння Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко), які прыйшоў у літаратуру як заходнебеларускі пісьменнік і шмат сіл аддаў таму, каб жыхары Заходняй Беларусі змаглі называць сябе беларусамі, карыстацца роднай мовай, вучыцца на ёй, супала з Днём аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі – 17 верасня. Канешне ж, гэта падзея мела для яго лёса вырашальнае значэнне, – лічыць Ірына Шматкова.
Максім Танк сярод маладых хлебаробаў Дубровенскага раёна. Фота А. Мызнікава
Нарадзіўшыся на Мядзельшчыне ў вёсцы Пількаўшчына, з пачаткам Першай сусветнай вайны, разам з маці будучы класiк трапіў у эвакуацыю ў Маскву. Там упершыню пайшоў у школу, дзе захапіўся рускай літаратурай. У 1922 годзе сям’я вярнулася дамоў – на той час iх радзіма пасля Рыжскай дамовы ўжо стала польскай тэрыторыяй. Хлопчык працягнуў вучобу спачатку ў Шкленікоўскай, пасля Сваткаўскай пачатковых школах (на той час польскамоўных), дзе пазнаёміўся і з творамі класікаў польскай літаратуры.
– У Сваткаўскай школе будучы паэт упершыню пазнаёміўся і з беларускай літаратурай. Пасля была вучоба ў Вілейскай, затым Радашковіцкай і Віленскай гімназіях, дзе малады паэт заўважыў прыгнёт беларусаў і прыняў удзел у забастоўцы супраць ліквідацыі беларускіх школ, за што і быў выключаны. Пазней яго арыштавалi за ўдзел у працы Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, амаль два гады з перапынкамі правёў у турме. Асноўнай тэмай яго твораў была барацьба за вызваленне беларусаў ад прыгнёту палякаў. Таму дзень аб’яднання калісьці агульнай, а пасля раскрыжаванай роднай зямлі паэт сустрэў з вялікім хваляваннем – як пачатак новага жыцця. Ён напісаў так: «Не знаю, з чаго нават пачынаць запісваць падзеі гэтага дня. Хіба – з усходу сонца, якое хоць і дакладана ўзышло на календары, але гэта быў каляндар новага жыцця і іншы ўсход сонца».
Мэтр велібра
Максім Танк – класік нашай літаратуры, народны паэт Беларусі, сапраўды творца сусветнага маштабу, асабліва ў асваенні і развіцці новых жанравых форм.
Пётр Машэраў і Максім Танк у прэзідыуме VI з'езда настаўнікаў БССР. Фота Юрыя Іванова
– Танк увасабляў беларускую нацыянальную ідэю ў дасканалую паэтычную форму, працягваючы справу, распачатую Купалам, Коласам, Багдановічам і іншымі, па ўвядзенні беларускай літаратуры ў сусветны кантэкст, – лічыць літаратуразнаўца. – Пасля аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі Максім Танк далучыўся да беларускага літаратурнага працэсу. Ён увёў новы ідэйны і мастацкі кірунак, стаў сапраўдным мэтрам верлібру – вольнага вершу з філасофскім зместам.
Сусветнай вядомасці паэта садзейнічалі шматлікія пераклады яго твораў на многія мовы, а таксама тое, што ён у складзе савецкіх дэлегацый шмат падарожнічаў. Аб’ездзіў амаль увесь свет. Танк прымаў удзел у сесіях Генеральнай Асамблеі ААН, выступаў з самых прадстаўнічых трыбун, праявіўшы сябе як вельмі добры аратар. Ён валодаў цудоўнымі дыпламатычнымі здольнасцямі, меў шмат сяброў сярод пісьменнікаў па ўсяму свету.
Добры і з пачуццём гумару
Паэт займаў шмат адказных пасад: доўгія гады ўзначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і СССР, старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Да таго ж яшчэ і народным паэтам Беларусі, акадэмікам. Але, нягледзячы на званні і рангі, заставаўся вельмі простым і адкрытым чалавекам.
Максім Танк і калмыцкі паэт Міхась Хонінаў. Фота Уладзіміра Вітчанкі
Ірына Шматкова расказала, што ён, ужо займаючы высокія пасады, любіў прыязджаць у родную вёску, дзе гутарыў са сваімі землякамі, цікавіўся іх справамі, па магчымасці стараўся дапамагчы. Аднавяскоўцы ўспаміналі, што Танк заўсёды ўсіх выслухваў, за гэта яго любілі і паважалі. Сын паэта Максім Скурко ўзгадваў, што бацька, будучы дэпутатам, заўсёды стараўся адказваць на ўсе лісты, а іх было шмат. Толькі ў БДАЛіМ захоўваецца больш сотні. Дапамагаў у судовых справах, вучыць дзяцей, уладкоўвацца на працу, атрымаць кватэры і многае іншае.
Будучы галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», заўсёды выкрэсліваў сваё імя, калі яно было ў якім-небудзь хвалебным спісе. Саромеўся насіць пінжак з узнагародамі, а свайму асабістаму кіроўцу заўсёды плаціў грошы, калі той вазіў яго на дачу. Часта жартаваў – напрыклад, калі яго віншавалі з нагоды новай пасады: «Прымаю спачуванні». А свой юбілей назваў «вясёлай рэпетыцыяй пахавання».
Каханне зямное і незямное
У быце ён таксама заставаўся непатрабавальным. Вершы мог пісаць дзе заўгодна, кажуць, што ў яго не мелася нават асобнага кабінета дома. У сям’і Танк быў вельмі чулым, добрым і клапатлівым. З жонкай – Любоўю Андрэеўнай Асаевіч – жылі душа ў душу, менавіта ёй заўсёды першай чытаў свае вершы паэт. Падчас вайны адпраўляў лісты ёй штодзённа, заўсёды цікавіўся пра дзяцей. Нягледзячы на вялікую занятасць, дапамагаў жонцы па гаспадарцы – гатаваць ежу, мыць посуд, даглядаць дзяцей. Сын узгадваў, што ніколі не бачыў, каб маці чысціла бульбу: гэта быў абавязак бацькі. Максім Танк умеў рабіць па дому многае – і электрыку, і сантэхніку (гэтаму яго навучыў бацька – Іван Фёдаравіч, майстра на ўсе рукі), плёў кошыкі з кораню сасны – «добрыя атрымліваліся, нават вада не працякала».
Максім Танк і Пімен Панчанка. Фота Уладзіміра Крука
У сям’і паэта гадавалася трое дзетак – дзве дачкі-блізняты Вера і Ірына, сын Максім. Нарадзілася чацвёра ўнукаў.
Вядома, што ў дачкі Ірыны – сын (жыве ў Мінску) і дачка (пераехала ў Велікабрытанію), а ў другой дачкі Веры (была хімікам, памерла ад анкалогіі) быў сын (на жаль, таксама памёр). Сын – Максім – хімік, працаваў вучоным сакратаром у Інстытуце біяарганічнай хіміі, у яго таксама ёсць сын, працуе аўтаслесарам у Мінску.
| Алена ЕЛАВІК, газета «7 дней».
| Фота з архіваў БЕЛТА.


- размещаются материалы рекламно-информационного характера.